Паліклініка, дзіцячы садок, павышэнне пенсій і падтрымка мацярынства
Кандыдаты ў мясцовыя дэпутаты абяцаюць ва ўлётках тое, чаго насамрэч не могуць выканаць.
"Шчыра служыць людзям і небу!" — чаго толькі не пабачыш на іфармацыйных стэндах у горадзе перад мясцовымі выбарамі. Еўрарадыё прачытала самыя дзіўныя абяцанні.
Паўнамоцтвы дэпутатаў мясцовых саветаў прапісаныя ў Законе аб мясцовым самакіраванні, кажа эксперт Сяргей Альфер. Дэпутат прысутнічае на паседжаннях выканкама, можа задаваць пытанні, сустракацца з выбаршчыкамі і рабіць запыты.
"Дэпутацкі запыт мусіць быць падтрыманы саветам, на яго трэба адказваць і адчытвацца. Запыт дэпутата — гэта трошкі вышэй за запыт грамадзяніна".
Фармальна дэпутаты могуць прапанаваць выдзяліць грошы ў мясцовым бюджэце на тыя ці іншыя патрэбы. Але фармуе бюджэт выканкам.
"Сістэма пабудаваная так, што выканкам прымае рашэнні, а дэпутат можа ўплываць праз людзей, на сесіі і праз кантакт з чыноўнікамі", — кажа дэпутат Бараньскага гарсавета Віктар Міхасёў. — Паўнамоцтвы саветаў абмежаваныя і зводзяцца да зацвярджэння рашэнняў выканкамаў. Вобразна кажучы, калі савет не выйшаў і не правёў сесію, то праца будзе ісці як ні ў чым не бывала".
Еўрарадыё чытае абяцанні кандыдатаў: “пабудаваць паліклініку, дарогу, правесці рамонт”. Ці можа гэта зрабіць дэпутат?
Віктар Міхасёў: "Дэпутат не можа пабудаваць паліклініку, можа толькі арганізаваць людзей, сабраць подпісы. Ён можа паабяцаць, што паклапоціцца пра дарогі. Але для гэтага патрэбны сродкі".
Многія кандыдаты абяцаюць “добраўпарадкаваць пад'езды і двары”. Ці гэта не праблема ЖЭСаў?
"Зараз дзяржаўная палітыка такая, што пад'езды жыхары будуць рамантаваць самастойна. Калі дэпутат прыедзе пафарбуе пад'езды, то я пачну яго паважаць. Астатняе — нікчэмныя словы", — кажа Сяргей Альфер.
“Узмацненне мераў па барацьбе са злачыннасцю на вуліцы” — справа міліцыі. “Усталяваць дадатковыя банкаматы” — гэта мусіць рабіць банк. Такія абяцанні Еўрарадыё чытае ва ўлётках рэальных кандыдатаў. Абяцаюць таксама “змагацца з ушчыльненнем”: з гэтым змагацца загадаў кіраўнік краіны.
Сяргей Альфер: "Прэзідэнт сказаў, што нельга ушчыльняць забудову. І таму дэпутат услед кажа, што я таксама буду змагацца, каб не ўшчыльнялі".
Дэпутат Віктар Міхасёў кажа, што шмат пытанняў, які вырашае дэпутат, маглі вырашаць і самі грамадзяне. Але дэпутат, як актыўны лідар, бярэ на сябе гэтыя функцыі. І распавядае пра некаторыя дасягненні:
"У нас быў неасветлены двор, людзі жылі ў цемры. Але па нарматывах святло павінна быць. Альбо праца грамадскага транспарту. Я прааналізаваў і параўнаў з правіламі, якія павінны выконвацца, аказалася, што яны не выконваюцца".
Толькі, па шчырасці, звярнуцца з патрабаваннем адрамантаваць святло могуць і самі грамадзяне.
А вось “павысіць заробкі і пенсіі”, ды “палепшыць абслугоўванне ў крамах” – гэтага дэпутат дакладна не можа.
Толькі адзін кандыдат не стаў даваць пустых абяцанняў. А сціпла прызнаўся: “Мая мэта — зрабіць ваша жыццё лепей!”