Палітэмігрант Вячаслаў Сіўчык хоча вярнуцца ў Беларусь (відэа)
Ён лічыць, што апазіцыі трэба скарыстацца зменай сітуацыі ў сувязі з расійскай агрэсіяй супраць Украіны.
Лідар руху салідарнасці "Разам", палітэмігрант Вячаслаў Сіўчык хоча вярнуцца ў Беларусь пасля пяцігадовай палітычнай эміграцыі. Сваё рашэнне ён звязаў з чарговымі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі, перадае Радыё "Свабода".
Прычым выбарчую кампанію Сіўчык называе толькі "выбарчым фарсам". Па яго словах, "выбарчыя фарсы" адбываюцца ў Беларусі з 1996 года.
Сіўчык: "Розніца між сёлетнім выбарчым фарсам і ўсімі астатнімі палягае толькі ў двух аспектах: сітуацыя рэзка змянілася ў звязку з расійскай агрэсіяй супраць Украіны, і Лукашэнка пабаяўся выпусціць з турмы Міколу Статкевіча".
Рух салідарнасці "Разам“, які ўзначальвае Сіўчык, падтрымаў вылучэнне палітвязня Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты. Рух плануе дзейнічаць разам з БСДП (Народная Грамада) — партыяй Статкевіча.
Сіўчык лічыць, што ў рамках выбарчай кампаніі трэба выконваць праграмныя мэты руху салідарнасці "Разам“ — змагацца з этнацыдам, падтрымліваць прадпрымальнікаў і патрабаваць вызвалення палітвязняў.
Фота — svaboda.org