Палітычны ціск на рэжым не працуе. Як тады дапамагчы палітвязням?

Ад палітвязняў апошнім часам не прыходзяць лісты. Ці можна на гэта ўплываць? / viasna96
Ад палітвязняў апошнім часам не прыходзяць лісты. Ці можна на гэта ўплываць? / viasna96

З 26 красавіка няма ніякіх звестак пра дакладнае месцазнаходжанне і стан здароўя Віктара Бабарыкі. Па чутках — ён трапіў у шпіталь, але родныя і яго каманда дагэтуль не дабіліся, дзе ён, як сябе адчувае. І гэта не адзінкавы выпадак, калі палітзняволены раптам знікае – калі родныя не могуць да яго дапісацца, калі па незразумелых прычынах не адбываюцца прызначанныя тэлефонныя званкі.

Жонка Мікалая Статкевіча, які адбывае 14-гадовы прысуд у глыбоцкай калоніі, тры месяцы не ведала, дзе ён. Яна дабілася афіцыйнага адказу ад адміністрацыі калоніі — апынулася, што Мікалая змясцілі ў адзіночную камеру на паўгода і пазбавілі тэлефанаванняў, спатканняў і пасылак. Лісты ад яго таксама не прыходзяць.

Амаль месяц не даходзілі лісты ад Дзяніса Івашына, гродзенскага журналіста. На пачатку траўня адзін ліст на волю ўсё ж прарваўся – а затым зноў перапіска пачала перарывацца.

— На жаль, Дзяніс мне ўчора [17 траўня] так і не патэлефанаваў, хаця ўсе іншыя ахвочыя вязні 11 атрада звязваліся са сваякамі. З гэтага мы робім выснову, што нашага ваяра зноўку кінулі ў ШІЗА, засталося толькі пацьвердзіць гэта. Калі тое сталася, мы ня ведаем, але дакладна 11 траўня ён яшчэ быў у атрадзе, бо тэліў мне ўвечары. Адпаведна, чарговае "пакаранне" было выпісанае ў адмежку паміж 12 і 15 траўня. На які тэрмін Дзяніса змясцілі ў ШІЗА, мы таксама пакуль ня ведаем, — распавядае жонка палітвязня Вольга Івашына.

Паўтара месяца няма лістоў ад адваката Максіма Знака. Стала вядома, што ён у штрафным ізалятары.

З сярэдзіны лютага не прыходзяць лісты ад Ігара Лосіка.

Амаль тры месяцы няма ні лістоў, ні тэлефанаванняў ад Марыі Калеснікавай. Адвакат з ёй таксама не сустракаўся. 

Палітычны ціск на рэжым не працуе. Як тады дапамагчы палітвязням?
Ад Марыі Калеснікавай няма лістоў больш за 90 дзён / @kalesnikava

Ад Алеся Бяляцкага няма навінаў з канца красавіка. Вядома толькі, што яго павінны былі этапаваць у калонію ў Горкі.

І гэта толькі некалькі прыкладаў, якія сталі публічнымі. Але даволі часта родныя палітвязняў, нават вядомых асобаў, адмаўляюцца штосьці пра іх паведамляць.

— Ці атрымлівалі вы апошнім часам лісты ад В.? — пытае Еўрарадыё родзіча палітвязня.
— Я б не хацеў пакуль, каб пра яго з’яўляліся навіны, — адказвае ён.

У Беларусі цяпер 1500 палітвязняў. Колькі з іх не атрымлівае лісты, або ад каго не прыходзяць лісты на волю, падлічыць немагчыма.

— Па нашых назіраннях, з пачатку 2022 года лісты прапускаюць толькі ад сваякоў. Але із імі ліставанне ідзе без праблемаў — лісты ў абодва бакі даволі хутка даходзяць, і цэнзура звычайна нічога не выкідае, — ананімна расказвае муж палітзняволенай, якая адбывае пакаранне ў жаночай калоніі ў Гомелі.

“Чырвоны Крыж мае мандат на ўмяшальніцтва”

Праваабаронцы тлумачаць, што гэтая з’ява завецца інкамунікадо — блакаванне ліставання, і гэта цяжкае парушэнне правоў чалавека. Гэта адзін са сродкаў ціску як на зняволенага, так і на яго родных. І цяпер вартае абмеркавання не толькі пытанне вызвалення палітвязняў, але і ў першую чаргу абароны іх правоў у турмах і калоніях.

Святлана Мацкевіч, актывістка аб’яднання сваякоў і былых палітзняволеных, дэлегатка Каардынацыйнай рады кажа, што таксама заўважала, як родныя баяцца сказаць, што нічога не ведаюць пра сваіх вязняў. У выніку гэта абарочваецца гульнёй па правілах, навязаных тымі, хто трымае ў руках ключы ад вязніцаў і адчувае сваю ўсёдазволенасць.

— Яны падаюць такога тыпу сігналы: “Мы тут — ва ўладзе, мы што хочам, тое і робім”. Яны такім чынам дэманструюць сілу і правяраюць нашу бездапаможнасць, — кажа Еўрарадыё Святлана Мацкевіч.

Палітычны ціск на рэжым не працуе. Як тады дапамагчы палітвязням?
Святлана Мацкевіч лічыць, што палітвязням можа дапамагчы заступніцтва міжнародных гуманітарных арганізацый / Еўрарадыё

Апублічванне такіх сітуацый, на думку эксперткі, дапаможа акрэсліць праблему для міжнародных арганізацый, якія маюць паўнамоцтвы ўмяшацца.

— І гэта, у першую чаргу, Чырвоны Крыж, які мае мандат на прамое ўмяшальніцтва туды, дзе парушаюцца правы чалавека, у першую чаргу — на здароўе. Магчыма, іншыя гуманітарныя місіі могуць арганізавацца — напэўна, АБСЕ і іншыя арганізацыі, звязаныя з ААН. Але ўсе яны, акрамя Чырвонага Крыжа, павінны атрымаць дазвол МЗС. Тады праз дыпламатыю трэба ціснуць на беларускі МЗС, каб ён даў гэты дазвол, – прыводзіць прыклад Мацкевіч.

Публічная кампанія, на думку дэлегаткі Каардынацыйнай рады, магла б прымусіць праўладны Чырвоны Крыж у Беларусі адправіцца ў турмы і заклапаціцца станам палітвязняў. Або прымусіць галоўны офіс Чырвонага Крыжа ў Жэневе заняцца гэтым.

— Спосабы ціску павінны быць з аднаго боку, адэкватныя, з другога боку, мы ўсё ж не павінны ў гэтай сітуацыі прад'яўляць палітычныя патрабаванні таму ж Чырвонаму Крыжу. Мы можам прад'явіць толькі гуманітарныя патрабаванні. Таму мы павінны зараз адпрацоўваць сістэму ціску, але іншага ціску, не палітычнага, а па абароне правоў чалавека. Гэтае пытанне мы ставім зараз на ўзроўні КР як праблемнае, — каментуе Мацкевіч.

Але хто зоймецца публічнай кампаніяй і ўзаемадзеяннем з міжнароднымі структурамі ў гэтым “праблемным пытанні”, пакуль не вырашана.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі