"Папрасілі з'ехаць за тры дні" — выдавецтва "Янушкевіч" застаецца без офіса
Дырэктар выдавецтва Андрэй Янушкевіч / belkniga.by
Незалежнае беларускае выдавецтва "Янушкевіч" застаецца без офіса. Выдаўцоў папрасілі тэрмінова пакінуць арандаваныя памяшканні. На ўсё далі тры дні.
"Прычын, вядома ж, нам не тлумачаць, прыкрываючыся таямнічай "вострай неабходнасцю" ў нашых утульных кабінетах", — патлумачылі ў выдавецтве.
У сувязі з высяленнем у выдавецтва паўстала пытанне, што рабіць з кнігамі. Вырашылі зладзіць распродаж, анансавалі зніжку ў 20%.
"Ёсць амаль увесь асартымент, прыходзьце, калі ласка. На месцы мы будзем рабіць зніжку", — гаворыцца ў заяве выдавецтва.
Адрас офіса — Мінск, вул. Мар'еўская 7А, офіс 10. Прыходзіць можна да 19 гадзін.
У астатнім праца будзе працягнутая, у выдавецтве кажуць, што выканаюць усе абавязацельствы перад заказчыкамі. Больш за тое выдавецкі партфель будзе пашыраны.
Летась рахункі "Янушкевіч" былі некалькі месяцаў арыштаваныя, а надрукаваны наклад кнігі Альгерда Бахарэвіча "Сабакі Эўропы" затрыманы і адпраўлены на экспертызу. У адведзеныя законам 30 дзён эксперты не ўклаліся і падаўжалі тэрмін.
Выдавецтва "Янушкевіч" друкуе сучасных беларускіх аўтараў, а таксама перакладае на беларускую мову сусветныя бестселеры, у тым ліку "Гары Потэра" і "Уладара Пярсцёнкаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.