Партрэты ветэранаў вайны знайшліся ў новым музеі. Але не ўсе

Еўрарадыё наведала новы музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і пашукала фотакопіі партрэтаў ветэранаў, якія засталіся ў старым будынку музея.

Нагадаем, мінчукі заўважылі, што на былым будынку музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які дэмантуюць другі месяц, дагэтуль вісяць партрэты ветэранаў вайны. Партрэты герояў віселі на напаўразбураных сценах нікому не патрэбныя.

У панядзелак раніцай партрэтаў на сценах ужо не было. Фотакопіі партрэтаў Еўрарадыё знайшло ў вагончыку прараба будоўлі Паўла Трушко. Партрэты герояў вайны ляжалі на падлозе — зверху надпісы “Марчанка” і “Малевіч”. Уладзімір Марчанка і Аляксандр Малевіч былі поўнымі кавалерамі Ордэна Славы.

Галоўны зберагальнік фондаў музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Святлана Патупчык прызнае, што пакінуць копіі партрэтаў было памылкай. Фізічна супрацоўнікі музея не змаглі перавезці ўсе копіі.

Дырэктар музея Мікалай Скобелеў патлумачыў Еўрарадыё, што асаблівай праблемы ў тым, што фотакопіі засталіся ў старым будынку, няма, бо яны не з’яўляюцца дакументамі і не маюць каштоўнасці.

“Мы даўно зрабілі новыя фотакопіі партрэтаў — арыгінальныя партрэты ўсе захоўваюцца ў фондах. А гэтыя даўно выгаралі, і таму мы іх утылізуем”.

Еўрарадыё накіравалася ў музей, што цяпер размясціўся на праспекце Пераможцаў пашукаць партрэты ветэранаў-ардэнаносцаў.

У першай жа зале знаходзім газеты, гімнасцёркі, рэчы людзей і фотакопіі партрэтаў герояў вайны. Пытаюся ў супрацоўніцы музея, ці сапраўдныя гэта фотакарткі і гімнасцёркі? Тая дакладна не ведае, але мяне перахоплівае яшчэ адна супрацоўніца.

“Гэта, вядома, фотакопіі. Арыгіналы захоўваюцца ў фондах, кожная фатаграфія, кожны канверцік — з подпісам. Вы зразумейце, у тыя часы не было такой якасці. Нават копіі іншым разам выгараюць, пару гадоў — і выгараюць. А тое, што з жалеза — гэта сапраўднае”, — па словах супрацоўніцы музея, шуміха з пакінутымі партрэтамі ветэранаў пачалася акурат перад 70-годдзем музея. Непрыемна.

“Я ведаю, чаму вы пытаецеся, бо адзін тут прыбег ужо, крычаў, дзе мае ўзнагароды!” — спрабуе стрымлівацца жанчына. Кажа, ветэрану ўсе яго медалі паказалі, супакоілі — усё на месцы.

А я рушу шукаць няхай сабе і копіі партрэтаў ветэранаў Малевіча Аляксандра і Уладзіміра Марчанкі, поўных кавалераў Ордэна Славы.

“Гэта сапраўдны танк?” — тым часам задаюць бясконцыя пытанні школьнікі ў зале з тэхнікай. Хлопцы робяць фота на фоне бітвы савецкага і нямецкага танкаў, дзяўчаты сноўдаюцца па музеі і разглядаюць вінтоўкі і фоткаюцца насупраць хатак, якія імітуюць штабы партызан.

У адной з супрацоўніц пытаюся, дзе можна знайсці партрэты ветэранаў, тая накіроўвае ў Залу Перамогі — гэта ў самым канцы экспазіцыі. Быццам бы там вісяць партрэты герояў.

“Вось гэта форма вязняў, памятаеце, мы пра яе чыталі на ўроку”, — спрабуе расказаць сваім вучням настаўніца гісторыі мінскай школы, але тыя занятыя сэлфі.

У перадапошняй зале я знаходжу ўсяго некалькі партрэтаў кавалераў ордэна Славы, побач вісяць іх ўзнагароды.

Але гэта далёка не ўсе ардэнаносцы — іх у Беларусі 71 чалавек, ды партрэтаў на падлозе ў прараба было шмат!

Застаецца надзея толькі на Залу Перамогі. Калі школьнікі патроху разыходзяцца, я заўважаю, што ў памяшканні няма ніводнага партрэта! Ніякіх фотакопій, а толькі сотні імёнаў на сценах. Знаходжу імёны тых, чые партрэты бачыла ў старым музеі.

“Некалькі чалавек я магу вам паказаць. Мо, недзе яны і ёсць, але дзе яны, дакладна не ведаю”, — кажа адна з супрацоўніц музея. — У зале Перамогі толькі прозвішчы. А дзе партрэты, я не ведаю. Недзе яны быць павінны. Хутчэй за ўсё, новай канцэпцыяй музея не прадугледжаная наяўнасць партрэтаў”.

Цяпер зразумела, чаму і копіі партрэтаў “забыліся” на сцяне разбуранага будынка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі