Паслугай “падзарадка персанальных прылад” у цягніках скарысталіся 1090 чалавек
Пасля з’яўлення навін пра ўвядзенне ў беларускіх цягніках платы за зарадку мабільных тэлефонаў, прэс-служба Беларускай чыгункі выступіла з тлумачэннем сітуацыі. Адзначаецца, што вагоны, якія закупляліся з 2008 года, абсталяваныя разеткамі для пасажыраў з напружаннем 220V. Магчымасць бясплатнай падзарадкі мабільных прылад даступная і ва ўсіх вагонах, якія прайшлі капітальна-аднаўленчы рамонт.
Аднак дагэтуль эксплуатуецца і “дастаткова шмат” вагонаў, у якіх разетак 220V няма. Таму ў адказ на просьбы пасажыраў і было прынятае “альтэрнатыўнае рашэнне”: на базе Магілёўскага вагоннага ўчастку ў некалькіх цягніках у 2017 годзе рэалізавалі пілотны праект па ўкараненню новай паслугі “Падзарадка персанальных электронных прыстасаванняў”.
“Для гэтага ў начальніка цягніка маецца ўніверсальнае мабільнае зараднае прыстасаванне тыпу PowerBank, якое прадстаўляецца на замовы пасажыраў… Кошт паслугі разлічваецца кожным вагонным участкам у адпаведнасці з заканадаўствам”, — інфармуе прэс-служба Беларускай чыгункі.
Паслугай “падзарадка персанальных прылад” у 2017 годзе ў цягніках скарысталіся 1090 чалавек. Цяпер Беларуская чыгунка працуе над тым, каб яна была даступная ва ўсіх цягніках, дзе ёсць вагоны, якія не абсталяваныя разеткамі.