Пасля замаху памёр экс-мэр Купянска, падазраваны ў дзяржаўнай здрадзе — СМІ
Генадзь Мацэгора
Памёр былы мэр украінскага горада Купянска на Харкаўшчыне Генадзь Мацэгора, перадае hromadske.ua. Некалькі дзён таму на яго здзейснілі замах.
Пра смерць Мацэгоры ў сацсетках напісала таксама ягоная маці Людміла. Тым часам "Медыязона" абвяргае гэтыя звесткі.
Пра замах на Мацэгору стала вядома 8 чэрвеня. Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны паведаміла, што пасля замаху экс-мэра Купянска даставілі ў шпіталь у крытычным стане. Разведчыкі сцвярджалі, што замах адбыўся ў расійскім горадзе Стары Аскол.
Ва Украіне на Мацэгору пачалі крымінальную справу. Яго падазравалі ў замаху на тэрытарыяльную цэласнасць і недатыкальнасць Украіны і ў дзяржаўнай здрадзе. Яму пагражала 15 гадоў зняволення або пажыццёвае пазбаўленне волі з канфіскацыяй маёмасці.
Як перадаваў офіс генпракурора, напрыканцы лютага 2022-га мэр Купянска не толькі здаў горад расійскім акупантам, але і забяспечыў іх транспартам, жыллём, гаручым і ежай.
Кіраўніком Купянска Мацэгора стаў у 2020 годзе. У сваім звароце да гараджан 28 лютага 2022 года ён назваў сваёй галоўнай задачай "не дапусціць баявых дзеянняў у горадзе і ахвяр". І з гэтай задачай ён, як мяркуе, справіўся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.