Пасол Украіны пра шпіёнскі скандал: Гэты інцыдэнт справакаваны
25 кастрычніка ў Мінску КДБ затрымаў карэспандэнта Украінскага радыё ў Беларусі Паўла Шаройку. Журналіста абвінавацілі ў шпіянажы. Таксама па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве быў затрыманы грамадзянін Беларусі. У шпіянажы быў абвінавачаны і высланы з Беларусі адзін з украінскіх дыпламатаў. Сапраўдны шпіёнскі скандал, пра які стала вядома толькі 17 лістапада. Чаму маўчалі дыпламаты і калегі Паўла Шаройкі, чым гэты скандал можа скончыцца і хто за ім стаіць, абмяркоўваем з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Украіны ў Беларусі Ігарам Кізімам.
Еўрарадыё: Калі ў амбасадзе пра затрыманне Паўла Шаройкі стала вядома адразу, то чаму гэта не агучвалі, няўжо спадзяваліся, што разбяруцца і адпусцяць?
Ігар Кізім: Па праўдзе, у мяне менавіта такія спадзяванні і былі. Уласна кажучы, менавіта таму мы і не агучвалі гэтую сітуацыю. Маўчалі яшчэ і таму, што былі агучаныя патрабаванні беларускага боку адносна аднаго з нашых дыпламатаў, які таксама быў звязаны з гэтай сітуацый. У дыпламатычным пратаколе існуе такое правіла: калі дыпламат пакідае краіну, то звычайна яго імя застаецца невядомым. Проста паведамляецца: ёсць падазрэнні, што адзін з дыпламатаў займаецца дзейнасцю, якая не адпавядае дыпламатычнаму статусу. Яго пазбаўляюць дыпламатычнага імунітэту і высылаюць з краіны — ціха, мірна і без розгаласу. Калі мне пра гэтае рашэнне наконт высылкі паведамілі, я пагадзіўся, не дыскутаваў, сказаў, што гэта ваша суверэннае рашэнне. І каб не псаваць нашы добрыя адносіны, мы мусім зрабіць так, каб гэтая гісторыя не атрымала розгаласу.
Такая ж сітуацыя была і з Паўлам Шаройкам. Але я адразу папярэдзіў, што ён — публічная фігура, і мы не можам доўга захоўваць у таямніцы яго затрыманне. Ну, і было спадзяванне, што яго затрыманне — непаразуменне. Што яно цягам тыдня-двух будзе вырашанае і ўсе зразумеюць, што ніякіх падстаў для затрымання і, тым больш, для такога розгаласу, няма, і яго проста адпусцяць.
“Цяжка ўявіць, што Шцірліц працаваў у стаўцы Гітлера з дакументамі палкоўніка Ісаева!”
Еўрарадыё: Відавочна, спадзяванні тыя былі марнымі…
Ігар Кізім: Так, гэта былі наіўныя спадзяванні. А тое, што я пачуў падчас брыфінгу прадстаўніка КДБ! Я быў здзіўлены як самой танальнасцю, так і агучанай інфармацыяй, тым, як яна падавалася. Шчыра кажучы, пададзеная яна была вельмі жорстка. Казаць пра тое, што адзін чалавек стварыў цэлую сетку “платных” агентаў, што ён быў, як у сапраўдным дэтэктыве, узяты з палічным, што ў яго знайшлі нейкі дакумент… Ведаеце, мне цяжка ўявіць, што Шцірліц працаваў у стаўцы Гітлера з дакументамі палкоўніка Ісаева! Тое, што ён раней працаваў у Мінабароны, ведалі ўсе. І беларускі бок, ведаючы, што ён некалі працаваў у Мінабароны, быў прэс-аташэ Галоўнага ўпраўлення разведкі, яго спакойна акрэдытоўвае. Ні ў каго на той момант не ўзнікла пытанняў, што гэты чалавек будзе тут жыць і працаваць як акрэдытаваны журналіст! Усё гэта і дало мне падставы думаць, што гэта сапраўды непаразуменне, якое будзе выпраўленае. Але пасля таго, як гісторыя набыла такі розгалас, пасля такіх заяў з боку прэс-сакратара КДБ, спусціць справу на тармазах беларускаму боку будзе складана, яны наадварот будуць яе накручваць. Я ўжо размаўляў з жонкай Паўла і прама сказаў: калі сітуацыя атрымала такі паварот, то трэба рыхтавацца да абароны, а магчыма, і да суда. Таму трэба забяспечыць яго добрым адвакатам.
Еўрарадыё: З вамі, дыпламатамі, усё зразумела, але чаму маўчала столькі часу жонка Паўла?
Ігар Кізім: Мы на яе не ўплывалі. Наколькі я ведаю, тут яе папярэдзілі, што яна не мае права разгалошваць ніякай інфармацыі. Пазней, пасля таго, як яна, магчыма, парілася са сваякамі, вырашыла ўсё агучыць. У любым выпадку, трэба браць да ўвагі і яе псіхалагічны стан. Уявіце: мы тут ёй кажам, што, хутчэй за ўсё, гэта непаразуменне, якое мусіць быць вырашанае цягам тыдня-двух, а тут ужо трэці тыдзень пайшоў, і нічога.
“Відавочна, што гэта было спланавана альбо беларускімі, альбо расійскімі спецслужбамі”
Еўрарадыё: Дэпутат Вярхоўнай Рады Дзмітрый Тымчук сцвярджае, што нібыта сакрэтныя дакументы Паўлу Шаройку прапаноўваў карэспандэнт НТВ. Павел браць іх адмовіўся і па дарозе з сустрэчы з гэтым карэспандэнтам яго затрымалі. Вы ў адным са сваіх каментарыяў кажаце, што Паўла затрымалі па выхадзе з пасольства Украіны. Як было на самой справе?
Ігар Кізім: Я сам бачыў, як нейкі чалавек, які называўся журналістам, сустракаўся з Паўлам тут, у пасольстве. Называць прозвішча гэтага чалавека я не буду. Але паўтару тое, што ўжо казаў наконт таго “карэспандэнта”: падумайце, а дзе цяпер той чалавек? Бо відавочна, што гэта было спланавана альбо беларускімі, альбо расійскімі спецслужбамі, і таго чалавека, можа, ужо ў жывых няма. Тым не менш, раніцай я бачыў Паўла ў пасольстве, ён сустракаўся тут з тым чалавекам — жонка Паўла працуе ў пасольстве, і Павел праходзіць сюды як свой чалавек. У той дзень у мяне было шмат сустрэч, і толькі пад вечар я даведаўся пра затрыманне. І ў той жа дзень мне ў МЗС пра ўсё паведамілі. Такім чынам, што там на самой справе адбывалася, з якім “палічным” яго ўзялі, мне не вядома.
Еўрарадыё: Па тэлебачанні ж затрыманне паказвалі…
Ігар Кізім: У тым, што было паказанае, я не ўбачыў “затрымання пры перадачы”. Я не ведаю, як гэта на самой справе адбываецца, але з фільмаў пра шпіёнаў ведаю, што звычайна хапаюць за руку, калі адзін другому перадае нейкую інфармацыю. Я такога не ўбачыў, а ўбачыў, што нейкага чалавека скруцілі і кінулі ў машыну. Нават незразумела, ці Павел гэта быў. Потым яшчэ аднаго чалавека, відаць, грамадзяніна Беларусі, скруцілі і кінулі ў машыну, паказалі нейкія дакументы. Слухайце, ну, гэта ж правакацыя чыстай вады. Калі той дакумент, які мусіў узяць Павел, застаўся ў пасольстве, то ён мог у выніку (як, гэта ўжо іншая справа) апынуцца ў Тымчука, і той выклаў яго ў Фэйсбук. Але відавочна, што яго Тымчуку не Павел перадаў. Калі беларускі бок пацвердзіць, што выкладзеныя Тымчуком дакументы — тыя самыя, то ўзнікаюць новыя пытанні. Да прыкладу, як з імі маглі ўзяць Паўла, але яны ж адначасова патрапілі да Тымчука? У любым выпадку, калі дакументы тыя, хай сабе яны і без грыфаў розных і вельмі падобныя на падробку, але ў тых дакументах ёсць вельмі супярэчлівыя моманты. І моманты тыя не на карысць беларускаму боку.
“Гэта сапраўды выглядае помстай”
Еўрарадыё: Чытаў шмат папрокаў: маўляў, украінскае МЗС неяк зусім не востра адрэагавала на сітуацыю з Шаройкам.
Ігар Кізім: Якой іншай можа быць рэакцыя ўкраінскага боку? Я даў рэакцыю адразу і прама сказаў, як гэта ўсё называецца. І рэакцыя нашага МЗС была відавочнай: у адказ на высылку нашага дыпламата быў высланы беларускі дыпламат. Якая яшчэ рэакцыя можа быць на такія дзеянні?
Еўрарадыё: Ці магчыма, што затрыманне Шаройкі было адказам на затрыманне ў чэрвені ў Чарнігаве беларуса, абвінавачанага ў шпіёнстве?
Ігар Кізім: Гэта сапраўды выглядае помстай за затрыманне таго грамадзяніна. Але тут я хацеў бы звярнуць увагу на цікавы момант. Беларускі грамадзянін, арыштаваны на тэрыторыі Украіны, быў абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Расійскай Федэрацыі. Вядома, што ў нас з Расіяй фактычна вайна. Калі нават уявіць, што Шаройка шпіёніў, то тут няма адэкватнасці дзеянняў. Бо калі ён і шпіёніў, то на карысць Украіны, а грамадзянін Беларусі — на карысць не Беларусі, а Расіі. Дзе тут, як кажуць, вока за вока? У любым выпадку, цяпер мы будзем дамагацца новай сустрэчы консула з Паўлам Шаройкам, і сустрэчы яго з жонкай. Якой, як вядома, афіцыйна ў такой сустрэчы адмовілі.
Еўрарадыё: Выкраданне Паўла Грыба, абвінавачванне ў шпіянажы Паўла Шаройкі і высылка ўкраінскага дыпламат — як гэта паўплывае на беларуска-украінскія адносіны?
Ігар Кізім: Відавочна, што нічога добрага для нашых стасункаў тут няма. Варта было б параўнаць тую шкоду, якую нанёс бяспецы Беларусі журналіст, які нібыта тут сетку агентаў стварыў, з той шкодай, якую для нашых двухбаковых адносін меў хаця б адзін той брыфінг прадстаўніка КДБ. Як для двухбаковых адносін на палітычным узроўні, так і бытавым. Некаторыя нашы тэлеканалы ўжо праводзілі апытанне, цікавіліся: “Ці лічыце вы бяспечным ехаць у Беларусь?”. У выніку, пазітыўны імідж Беларусі ў вачах простых украінцаў падае. Не столькі імідж народа, колькі імідж улады.
Я скажу шчыра, пасля гэтага выпадку нават асобныя візіты перанесеныя былі. І калі ў вас будзе пасяджэнне ПАСЕ, то нашы дэпутаты могуць прыняць рашэнне абмежаваць колькасць дэлегацыі. Можна сказаць, што асобныя чыноўнікі з ураду прынялі рашэнне ўстрымацца ад паездак у Беларусь, пакуль што. Гэта негатыўна паўплывае на развіццё ўсяго супрацоўніцтва. Я вельмі моцна спадзяюся, што ўсё гэта хутка скончыцца. Каб з усімі непаразуменнямі разабраліся і прыйшлі да ўзаемнапрымальнага рашэння. Нам трэба аднавіць узровень даверу, які моцна ўпаў пасля інцыдэнтаў апошняга часу — і з Паўлам Шаройкам, і з Паўлам Грыбам. Але запэўніваю вас, якімі б гэтыя інцыдэнты непрыемнымі ні былі, стаўленне сярод украінцаў да простых беларусаў не змянілася. Паверце мне, беларусаў любяць ва Украіне.
Тое, што гэты інцыдэнт справакаваны, я ўпэўнены на сто адсоткаў. Была праведзеная адмысловая акцыя, каб стварыць сітуацыю, якую мы сёння і маем.