"Пазбаўляюцца ад апанентаў любымі спосабамі" — Ціханоўская пра смерць Навальнага

Аляксей Навальны ў зняволенні

Аляксей Навальны ў зняволенні / Reuters

Кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская пракаметавала гібель расійскага палітвязня Аляксея Навальнага ў калоніі ў РФ. У яе няма сумненняў, што вядомага апазіцыянера "мэтанакіравана забіў пуцінскі рэжым".

"Гэтая смерць — чарговы доказ, што для дыктатараў чалавечае жыццё не мае ніякай каштоўнасці, цытуе словы Ціханоўскай яе прэс-служба. — Рэжым Пуціна, як і рэжым Лукашэнкі, у імкненні захаваць уладу пазбаўляецца ад апанентаў любымі спосабамі".

Святлана Ціханоўская нагадала пра беларускіх палітвязняў, ад якіх няма звестак і жыццё якіх можа быць пад пагрозай. Сярод іх — Мікалай Статкевіч, Марыя Калеснікава, Сяргей Ціханоўскі. Яна нагадала пра палітвязняў, якія загінулі за кратамі: Вітольда Ашурка, Алеся Пушкіна, Вадзіма Храсько, Мікалая Клімовіча.

"Гэтая трагедыя — чарговы сігнал, што задачай усяго цывілізаванага свету з'яўляецца ліквідацыя такіх рэжымаў, — каментуе смерць расійскага палітвязня кіраўнік НАУ, намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка. — Калі дэмакратычны свет не дасць жорсткага і прынцыповага адказу на смерць Навальнага, дыктатары адчуюць беспакаранасць".

Пра смерць 47-гадовага Аляксея Навальнага ў калоніі 16 лютага паведаміла ўпраўленне Федэральнай службы выканання пакаранняў па Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе Расіі. Паводле афіцыйнай версіі, Навальны дрэнна адчуў сябе пасля прагулкі і амаль адразу страціў прытомнасць. Рэанімацыя не дапамагла, лекары канстатавалі факт смерці.

Аляксей Навальны — вядомы палітычны апанент Уладзіміра Пуціна. У 2020-м яго атруцілі, пасля чаго апазіцыянер быў у стане комы. Пасля лячэння і рэабілітацыі ў Германіі, Навальны ў 2021 годзе вярнуўся ў Маскву, ведаючы, што яго могуць арыштаваць (што і адбылося ўжо ў аэрапорце). У 2022 годзе яму прысудзілі 9 гадоў калоніі, а ў 2023-м дадалі яшчэ 19 гадоў, абвінаваціўшы ў "стварэнні экстрэмісцкай супольнасці", "фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці" і "закліках да экстрэмізму ў інтэрнэце".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі