Пажар на прадпрыемстве ў Віцебску, апёкі атрымаў рабочы
5 лютага ў Віцебску адбыўся пажар у адміністрацыйным будынку прадпрыемства "ТрансЭкспедыцыя". Як паведамляе прэс-служба МНС, пасля 21-й гадзіны там адбылася ўспышка пароў газапаветранай сумесі. У выніку апёкі атрымаў работнік гэтага прадпрыемства, яго шпіталізавалі.
У будынку (яго памеры 12 на 40 метраў) на першым паверсе пашкоджаныя аконныя рамы, унутранае аздабленне столі і сценаў, маёмасць. Прычына здарэння высвятляецца.
Вядома, што "Трансэкспедыцыя" здзяйсняе транспартна-экспедыцыйную дзейнасць, вырабляе сумесі звадкаваных вуглевадародных газаў. Офісы знаходзяцца ў Мінску і ў Віцебску. У апошнім горадзе прадпрыемства мае газанапаўняльную станцыю.