Пазняк: Калі б Ціханоўская адгукнулася, я б прыехаў у Беларусь

Пазняк: Калі б Ціханоўская адгукнулася, я б прыехаў у Беларусь

Лідар Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк быў гатовы вярнуцца ў Беларусь летам-2020 года, калі б Святлана Ціханоўская адрэагавала на яго спробы выйсці з ёй на сувязь. Але гэтага не адбылося.

"Калі б Ціханоўская адгукнулася і захацела пагаварыць пра нашу Бацькаўшчыну, я б прыехаў у Беларусь і падказаў, што трэба зрабіць, бо ўсе глядзелі на Ціханоўскую. Быў момант, які трэба было неадкладна скарыстаць", — заявіў Пазняк у інтэрв'ю польскай газеце Rzeczpospolita.

На думку Пазняка санкцыі, да якіх заклікае атачэнне Ціханоўскай і Паўла Латушкі, раздушаць Беларусь, а Лукашэнка пры гэтым ацалее. Маўляў, яны патрабуюць пакутаў для іншых, будучы за мяжой:

"Тыя спадарыні і спадары не маюць ніякага маральнага права выступаць ад імя народу, якога яны не ведаюць, пераконваць народ, каб ён пакутаваў праз памылкі сваёй няздатнасці ў палітыцы. Нельга нішчыць Беларусь, каб зрынуць Лукашэнку. Хіба яны не разумеюць, што тыя жорсткія санкцыі, якія яны просяць, дадуць Расіі магчымасць задарма захапіць беларускую эканоміку, а потым і ўсю дзяржаву? Яны не ахвяравалі сабой дзеля гэтага народу. Хіба ім не сорамна так казаць? Не будзе хлеба, працы, свабоды, незалежнасці, а народ павінен пакутаваць", — мяркуе палітык. Ён лічыць, што на Захадзе не разумеюць, што санкцыі, якія ўводзіць ЕС і ЗША, толькі на руку расійскім уладам і алігархам. 

"Расія будзе ўтрымліваць Лукашэнку, і ён будзе вымушаны за гэтую дапамогу разлічыцца. Але чым? Ён прадасць за бясцэнак вядучыя прадпрыемствы", — перакананы Пазняк.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі