Пенсіянеркі загінулі ў лесе ў Шумілінскім раёне ад пераахаладжэння
Пенсіянеркі загінулі ў лесе ў Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці ад пераахаладжэння, а не ад абвастрэння хранічных захворванняў. Пра гэта засведчыла экспертыза. "Жанчыны заблукалі, запанікавалі, не змаглі абараніцца ад холаду — якраз былі замаразкі", — цытуе словы галоўнага ўрача Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы Канстанціна Баканава БЕЛТА.
Жанчыны пайшлі раніцай 12 кастрычніка ў лес па ягады і не вярнуліся. Позна ўвечары пачаўся іх пошук сіламі міліцыі і ратавальнікаў. Уначы была знойдзена 69-гадовая пенсіянерка. Яе тэрмінова перадалі медыкам, але выратаваць жыццё жанчыне не ўдалося — яна памерла ў "хуткай". Труп 64-гадовай жанчыны ўдзень у чацвер знайшоў ляснік.