"Перабралі з раніцы паўтоны бульбы і паехалі ў грыбы адпачыць"
Лагойшчына заўседы была славутая грыбнымі і партызанскімі лясамі. Не дзіва, што абочына дарогі Р3 паміж Лагойскам і Зембінам застаўленая машынамі з нумарамі сёмага рэгіёна. І гэта ў будні дзень. А што тут будзе на выходных! Тут і дзед на старых “Жыгулях”, і дзяўчына на белым “Лексусе”, маладзёны на цюнінгаваным “Смарце”.
Міхаіл і Генадзь працуюць разам на Мінскай СТА. Сёння выхадны, таму сябры паехалі у хатынскі лес. Міхаіл выкладвае наверх кошыка моцненькія баравікі і разважае пра грыбныя традыцыі.
"Мужчына спрадвеку быў здабытчыкам. Што рыбалка, што грыбы — гэта своеасаблівае паляванне. Я больш люблю збіраць, чым есці. А перабірае і марынуе ўсе гэта жонка. Не думаю, што яна будзе рада такому багатаму ураджаю, ёй жа да ночы іх чысціць і варыць".
Каля паварота на вёску Алешнікі сустракаем сям'ю мінчукоў, сёлета яны першы раз выбраліся на ціхае паляванне. З такой нагоды Міхаіл адмыслова ўзяў адгул. Невялічкія вёдры запоўненыя абабкамі і баравікамі. Зараз перакладуць у багажнік і пойдуць збіраць далей.
"Мой самы вялікі трафей быў тры гады таму. Я тады 300 баравікоў назбіраў. Цяпер тут вельмі шмат канкурэнтаў, але назбіраць нешта можна ў любым выпадку". Дачцы Міхаіла Вераніцы 17 гадоў, яна ў грыбах першы раз ў жыцці. "Я не шмат сёння назбірала, але працэс мне спадабаўся. Буду цяпер ўвесь час разам з бацькам прасіцца".
Інжынер-электрык Алег паехаў у грыбы разам з сынам Косцем. За чатыры гадзіны яны назбіралі вядро і кошык малодзенькіх баравікоў, абабкаў і чырвонагаловікаў. Машыну пакінулі на ўзлеску і нікуды ўглыб не заходзілі, Косціку паўтары гады, і з ім асабліва не пагуляеш.
"Мы палілі вогнішча, смажылі сала і вывучалі разам лясныя расліны і розных жучкоў-павучкоў. Але грыбоў так шмат, што толькі адыдзеш ўбок, дык штосьці абавязкова трапляецца. Знайсці маладзенькі баравічок — гэта ж сапраўдная асалода. Выцягваеш яго, прыгажуна, з моху, размаўлеш з ім нават".
Кіроўца Аляксандр збірае грыбы разам з жонкай і яе сяброўкай. Пакуль ён пакуе сваю здабычу, жанчыны пайшлі праверыць маладую пасадку, што паблізу.
"Калі знаходзіш добры грыб, дык адразу настрой паляпшаецца і хочацца яшчэ пахадзіць, а калі грыбоў няма, дык гэта ўсе хутка надакучвае. Па лесу пахадзіць гэта само па сабе адпачынак, а калі выйдзеш не з пустымі рукамі, дык ўвогуле прыемна".
Жанчыны з вёскі Ганевічы едуць з грыбоў на возе, які цягне конь Кузя. Ураджай невялікі, ехалі з мэтай набраць некалькі мяшкоў апенек, а яшчэ не сезон. Да мінскіх грыбных "панаехаў" жанчыны ставяцца спакойна, Аксана Іванаўна кажа, што лясы тут добрыя, партызанскія, грыбоў на ўсіх хопіць.
"Перабралі з раніцы паўтонны бульбы і паехалі ў грыбы адпачыць. Я не буду хваліцца, проста паглядзіце мой склеп, там рады слоікаў салянкі, лісічак з морквай, апенек і асобна баравічкі. Мае больш за ўсе салянку любяць. У салянцы галоўнае, каб грыбы былі з пахам і розныя: чырвонагаловікі, маслякоў, сыраежкі — усе пойдуць на ура. Да такіх добрых грыбоў ніякіх прыправаў не патрэбна, толькі лаўрушка, хіба". Сяброўка Аксаны Іванаўны жыве ў Барысаве, сюды прыехала на талаку па бульбе. "Тут недалёка ваенны палігон, вось там баравікоў вельмі шмат, але пасля мінулага выпадку, калі там падчас вучэнняў грыбніка разарвала, туды нікога не пускаюць."
Але не ўсе грыбнікі пагаджаюцца хваліцца здабычай. Праграма на тэлефоне паказвае, што за 6 гадзін адзін з жыхароў Уручча прайшоў па лесе каля 6 кіламетраў, патраціўшы на гэта 4600 ККал. А ў авосьцы ніякіх "сур'ёзных" грыбоў, адны сыраежкі, маслякі, махавікі ды ваўнянкі. Аказалася, што гэта такі хітрык. Вядро з добрымі грыбамі мінчук схаваў у заплечнік. Каб ніхто не зайздросціў.