Пераход і прыпынак прыбралі. Цяпер да крамы трэба ісці амаль паўкіламетра
Побач з гандлёвым цэнтрам "Замак" у Мінску прыбралі пешаходны пераход, на якім 2 снежня загінула 11-гадовая дзяўчынка. Таксама часова адменены прыпынак грамадскага транспарту "Плошча дзяржаўнага сцяга", на які наведнікі крамы прыязджаюць з цэнтра горада. Менавіта з гэтага прыпынку людзі звычайна ішлі да гандлёвага цэнтра па пешаходным пераходзе, на якім адбылася трагедыя.
Цяпер, каб з цэнтра Мінска трапіць у "Замак" грамадскім транспартам, трэба выходзіць на папярэднім прыпынку (ля завода "Атлант"), спускацца ў падземны пераход і доўга крочыць узхоўж праспекта Пераможцаў. Увесь шлях доўжыцца больш за 400 метраў. Пры сённяшнім зімовым надвор'і гэта не вельмі прыемна:
Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай ДТЗ, у якім загінула дзяўчынка, а яшчэ чацвёра мінакоў апынуліся ў лякарні, сталі няспраўныя тармазы грузавіка ЗІЛ. Ён уехаў у пешаходаў, калі яны пераходзілі праезную частку на зялёны сігнал светлафора, то бок, правілаў дарожнага руху не парушалі.
Крыху пазней следчыя высветлілі, што аўтамабіль апошні раз праходзіў тэхагляд у 2015 годзе.
Тым часам насупраць "Замка" ўсталёўваюць дадатковую агароджу, каб перашкодзіць мінакам пераходзіць праспект Пераможцаў у цяпер ужо недазволеным месцы.