Пераломы і ЧМТ: на горках у Мінску траўмаваліся ўжо каля 150 чалавек
Дзеці на горке / Еўрарадыё
З пачатку года ў Мінску пры катанні з горак на санках і цюбінгах пацярпелі 146 чалавек, паведамляе прэс-служба Мінгарвыканкама. Пры гэтым варта нагадаць, што першыя дні года былі дажджлівымі, а снег у Мінску выпаў толькі каля тыдня таму.
Большасць пацярпелых — дзеці (126 чалавек). Але з траўмамі, атрыманымі пры катанні на горцы, да медыкаў звярнуліся і 20 дарослых. Сярод дыягнаставаных траўмаў: пераломы, пашкоджанні звязкаў, удары і чэрапна-мазгавыя траўмы лёгкай ступені.
У Мінгарвыканкаме нагадалі, што ў сталіцы ёсць 44 спецыяльна абсталяваныя горкі, якія адпавядаюць усім патрабаванням бяспекі. Але нават там разумеюць, "што людзі хочуць катацца з горкі недалёка ад дома".
"І наша задача не забараняць, а ствараць бяспечныя ўмовы для гэтага", — кажа намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Дараховіч. Па яго словах, гарадскія ўлады маюць намер працаваць "у гэтым кірунку".
У прыватнасці, ён даручыў спецыялістам профільных службаў вызначыць месцы, дзе часцей за ўсё траўміруюцца гараджане, каб мінімізаваць там рызыкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.