"Пілі ваду з расталага снегу": в'етнамец расказаў, як ішоў з Беларусі ў ЕС

Памежная зона / gpk.gov.by
Памежная зона / gpk.gov.by

24-гадовы в'етнамец па імені Ань расказаў выданню The New York Times, як ён і яшчэ пяць чалавек "на чале з кантрабандыстам" прарываліся ў Еўрасаюз з тэрыторыі Беларусі. В'етнамцы лясамі ішлі цераз беларуска-польскую мяжу.

"Нам было холадна, — расказвае Ань. — Мы нічога не елі два дні. Мы пілі ваду з расталага снегу".

Беларускія памежнікі неаднаразова затрымлівалі в'етнамца. Яго і таварышаў дастаўлялі на мяжу з Расіяй, адкуль яны прыехалі ў Беларусь, — і проста выпускалі. Пасля гэтага нелегалы ​​зноў дабіраліся да заходніх абласцей Беларусі, каб паспрабаваць прабрацца ў Еўрасаюз яшчэ раз.

Ань кажа, што на шляху з Азіі праз постсавецкія краіны ў Заходнюю Еўропу адзін з самых складаных участкаў — "прагулка" па беларускім лесе. Калі ён і яго спадарожнікі нарэшце прабраліся цераз мяжу, на польскім баку іх чакаў грузавік.

Канчатковы пункт большасці мігрантаў з В'етнама — Вялікабрытанія. Шлях у 10 тысяч кіламетраў, у якім ёсць і беларускі этап, заканчваецца падарожжам праз Ла-Манш у дрэнна праветрываным, з дэфіцытам кіслароду марскім кантэйнеры або прычэпе, заваленым паддонамі з таварамі. Гэты этап кантрабандысты называюць "CO2".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі