Плюс пара капеек: як змяніліся цэны на папулярныя беларускія лекі

Больш за ўсё рост цэн прыкметны для дарагіх лекаў / Pixabay
Больш за ўсё рост цэн прыкметны для дарагіх лекаў / Pixabay

З 1 студзеня ў Беларусі павысілі стаўкі падатку на дабаўленую вартасць на ўвоз і продаж лекаў і медыцынскіх вырабаў. Чакана праз гэта цэны на лекі пайшлі ў рост. Цяпер КДК і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) пагражаюць аптэкам і вытворцам "мерамі ўздзеяння" за падаражанне лекаў.

Еўрарадыё паглядзела, як са студзеня змяніліся цэны на некаторыя запатрабаваныя лекі вытворчасці беларускіх дзяржаўных заводаў.

Плюс пара капеек?

Беларускія дзяржзаводы ("Барымед" і "Белмедпрэпараты"), мяркуючы па ўсім, пачулі патрабаванні дзяржорганаў і сур'ёзна цэны не падымалі. Адпаведна, няма прыкметнай змены цэннікаў і ў сетках аптэк.

Паглядзім, як выраслі мінімальныя цэны ў адпаведнасці са звесткамі партала tabletka.by. Напрыклад, беларускі парацэтамол стаў даражэйшы толькі на капейку (было 60 капеек, стала 61). А вось самая нізкая цана на антыбіётык амаксіцылін вырасла з 2,51 рубля да 2,76 — гэта значыць плюс 25 капеек.

На дзесяць капеек падаражэлі запатрабаваны антыгістамінны сродак лоратадын (з 39 да 49 капеек) і антыгіпертэнзіўнае каптапрыл (з 72 да 82 капеек). Улічваючы нізкія цэны на гэтыя лекі, у працэнтных суадносінах рост здаецца прыкметным.

Цікавая змена цаны адбылася на беларускі асельтамівір — гэта лекі ад грыпу, якія якраз у лютым — сакавіку становяцца досыць запатрабаванымі. Мінімальная цана ўпакоўкі вырасла з 17,46 да 18,95, гэта значыць амаль на паўтара рубля.

Нарэшце, яшчэ адзін вельмі патрэбны сродак — інгалятар сальбутамол, які выкарыстоўваюць многія астматыкі, — падаражэў на 60 капеек (з 5,58 да 6,18).

Займальна, што максімальныя цэны на лекі беларускіх вытворцаў практычна не змяніліся: напрыклад, для названых вышэй прэпаратаў яны сапраўды не выраслі. На некаторыя іншыя рост склаў у межах некалькіх капеек. Змену ж сярэдніх цэн адсачыць досыць складана, аднак можна сцвярджаць, што яны таксама пайшлі "ў плюс".

За кошт чаго рост?

Паводле звестак Белстата, у студзені цэны на лекі выраслі на 4,6% — прыкметная прыбаўка, асабліва для тых беларусаў, якія вымушаны пастаянна прымаць розныя прэпараты.

Мяркуючы па ўсім, у першую чаргу рост цэн адбыўся за кошт імпартных прэпаратаў сярэдняй і высокай цэнавай катэгорыі: там гаворка можа ісці пра некалькі рублёў ці нават больш.

Ці зменяць цэны імпарцёры, якія залежаць не толькі ад падатковых ставак, але і ад курсаў валют, пакуль незразумела. Раней Мінздароўя рэкамендавала зніжаць надбаўкі, але наўрад ці толькі за кошт гэтага ўдасца стрымаць рост кошту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі