Побач з аварыйным мостам праз Прыпяць пабудуюць часовы драўляны — для пешаходаў

Побач з аварыйным мостам праз Прыпяць пабудуюць часовы драўляны — для пешаходаў

Праект рэканструкцыі моста праз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне ўжо распрацаваны і будзе рэалізаваны да канца года. Пра гэта паведамляе тэлеканал "Беларусь 1"

Цяпер жа вырашана ўзвесці часовы драўляны мост для пешаходаў. Такое рашэнне прынятае на пасяджэнні камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Саўміне, якое адбылося 28 лютага. Мост вырашана будаваць з піламатэрыялаў. Узводзіць яго пачнуць ужо 1 сакавіка.

Таксама бліжэйшым часам на Прыпяці пачне працаваць ледакол, каб аднавіць перавозку людзей на катэрах.

Расколіну на аўтамабільным мосце праз Прыпяць заўважылі на пачатку снежня. Пасля гэтага мост зачынілі спярша для аўтатранспарту, а потым і для пешаходаў. Спецыялісты мяркуюць, што рэканструкцыя моста зойме каля года. У Беларусі пяць такіх мастоў, і ўсе яны далі расколіны. 

Пасля закрыцця моста для мясцовых жыхароў арганізавалі спярша пераправу на катэрах, а потым — пантонную. Але з пачаткам моцных маразоў і яна перастала функцыянаваць. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі