Польшча дэпартуе замежнікаў, што дапамагаюць мігрантам пераходзіць мяжу
Праз вялікую плынь мігрантаў Польшча ўвяла на мяжы з Беларуссю надзвычайнае становішча / Reuters
Польшча пачала дэпартаваць замежных грамадзян, якія былі затрыманыя за дапамогу ў незаконным пераходзе беларуска-польскай мяжы, паведамляе Памежная служба Польшчы. За дапамогу ў парушэнні дзяржаўнай мяжы высланыя грамадзяне Таджыкістана і Ірака.
Напярэдадні памежнікі зноў затрымалі чацвярых такіх памагатых. Толькі адзін з іх — грамадзянін Польшчы, рэшта — грамадзяне Таджыкістана і Украіны.
Між тым сітуацыя на мяжы застаецца напружанай. У аўторак польскія памежнікі зарэгістравалі 188 спробаў незаконнага перасячэння мяжы з тэрыторыі Беларусі. Каля 170 чалавек у краіну так і не ўпусцілі. Затрыманыя 19 нелегальных мігрантаў — выхадцаў з Гвінеі, Ірака, Камеруна, Нігерыі, Сірыі, Кубы, Конга і Шры-Ланкі.
Беларускі памежны камітэт у сваю чаргу раніцай у сераду паведаміў аб мігранце з Ірака, якога "ў несвядомым стане з прыкметамі фізічнага гвалту" выявілі беларускія памежнікі "непасрэдна на лініі беларуска-польскай мяжы". Мужчыну даставілі ў лякарню.
"Пасля першаснага агляду медыкаў высветлілася, што мужчына знаходзіцца ў коме і мае відавочныя прыкметы пераахаладжэння", — гаворыцца ў паведамленні ДПК. Пазней ён апрытомнеў.
У мужчыны пры сабе была польская карта неадкладнай меддапамогі, кажуць у беларускім ДПК. З дакумента вынікала, што польскія лекары зафіксавалі ў пацыента шокавы стан, ваніты, скаргі на болі ў назе, крывацечныя пашкоджанні ад калючага дроту. Яму далі абязбольвальнае. Пасля чаго мужчыну вярнулі да мяжы, выкладае сваю версію беларускі ДПК.
Раней на тэрыторыі Беларусі было знойдзена цела жанчыны, целы яшчэ трох мігрантаў выявілі на тэрыторыі Польшчы.
"Мы не ведаем асобы загінулых, але мы зробім усё, каб іх апазнаць. Мы хочам, каб да ўсіх ставіліся добра. Усім нелегальным мігрантам, якія своечасова перасеклі мяжу з Польшчай і былі знойдзеныя, мы спрабуем дапамагчы і выратаваць іх жыццё і здароўе", — адрэагаваў на трагедыю прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі ў Facebook.
Ён нагадаў, што ў польскага бока ёсць відэа з камер і дронаў, дзе відаць, як людзей да мяжы прывозяць беларускія памежнікі, як іх там інструктуюць. Таму адзіны вінаваты ў гэтых трагедыях, на думку польскага боку, гэта беларускі рэжым.
Пра тое, што міграцыйны крызіс на мяжы стварылі беларускія ўлады, і пра тое, што нельга выкарыстоўваць уразлівых людзей як інструмент ціску, напярэдадні на сэсіі Генеральнай Асамблеі ААН казаў і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.