Мігранты абмяркоўваюць, з-за чаго загінуў адзін з бежанцаў: змерзнуць не мог

У Польшчы каля мяжы з Беларуссю ўсталяваныя знакі, якія папярэджваюць аб рэжыме надзвычайнага становішча / Reuters
У Польшчы каля мяжы з Беларуссю ўсталяваныя знакі, якія папярэджваюць аб рэжыме надзвычайнага становішча / Reuters

Польская пагранслужба знайшла напярэдадні недалёка ад мяжы з Беларуссю целы трох чалавек. У цяперашні час гэтай справай займаецца польская пракуратура.

Тым часам, стала вядома імя аднаго з загінулых — Ахмед Хамед аль-Дабаві. Пра гэта паведамляе reform.by са спасылкай на мігранцкія іракскія групы. Вядома, што мужчына жыў у Наджафе, раён Эль-Хайра.

Удзельнікі групы сышліся ў меркаванні, што змерзнуць мужчына не мог. У апошнія дні ў Беларусі сапраўды прыкметна пахаладала — у ноч на нядзелю ў раёне Гродна было каля + 6, і ішоў моцны дождж. Сярод удзельнікаў групы ёсць мігранты, якія знаходзяцца на польска-беларускай мяжы. Па іх словах, мужчыну абрабавалі і забілі.

Раней пра смерць мігранткі паведамілі беларускія памежнікі. Цела знайшлі ў метры ад беларуска-польскай мяжы ў раёне Аўгустоўскага канала. Побач з жанчынай былі трое дзяцей ва ўзросце ад 5 да 7 гадоў, а таксама мужчына — муж загінулай і пажылая жанчына. Усе — грамадзяне Ірака.

З-за вялікага патоку мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у ЕС з тэрыторыі Беларусі, Польшча, Латвія і Літва ўвялі на сваіх межах надзвычайнае становішча. У гэтых краінах мяркуюць, што да стварэння міграцыйнага крызісу датычныя беларускія ўлады.

8 верасня прадстаўніцтва ЕС у Беларусі абвясціла дэмарш беларускаму МЗС "у сувязі з незаконнымі пераходамі мяжы з боку Беларусі ў Еўрапейскі саюз" і настойліва папрасіла "улады Беларусі спыніць гэтую практыку". У беларускім МЗС абвінавачванні не прызнаюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі