Польшча прапануе новыя санкцыі супраць РБ, калі крызіс на мяжы абвострыцца
Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі / Reuters
Варшава будзе ініцыяваць узмацненне эканамічных санкцый у выпадку новага абвастрэння міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі на прэс-канферэнцыі ў Будапешце па выніках сустрэчы кіраўнікоў урадаў краін Вішаградскай групы (Венгрыя, Польшча, Славакія і Чэхія) з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам.
"Мы дакладна ведаем, што Белларусь асцерагаецца эканамічных санкцый, баіцца гандлёвай блакады. Гэтыя інструменты ў нас прызапашаныя", — цытуе Матэвуша Маравецкага агенцтва ТАСС.
На яго думку, цяперашняя адносна спакойная сітуацыі на мяжы дазваляе спадзявацца на лепшае. Аднак калі зноў паўстане напружанне, "калі Мінск, або Мінск і Масква будуць шукаць новыя механізмы для дэстабілізацыі гэтай часткі Еўропы, то мы не вагаючыся прадставім Еўрапейскай камісіі і нашым партнёрам новыя рашэнні, мэтай якіх будзе больш рашучы адказ на такія практыкі", падкрэсліў польскі прэм'ер-міністр.
Раней улады Польшчы папярэджвалі, што ў выпадку абвастрэння сітуацыі на мяжы гатовыя цалкам закрыць рух праз беларуска-польскую мяжу. Гэта прывяло б да прыпынку транзітных грузаперавозак, якія ідуць праз Беларусь. У цяперашні час зачынены для руху толькі адзін пункт пропуску — "Кузніца" (з беларускага боку — "Брузгі").
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.