Польскі Гданьск размалёўваюць беларускія стрыт-артары
Яны малююць партрэты гістарычных беларускіх асобаў.
Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё распавяла суарганізатарка акцыі Надзея Вярбоўская. Па яе словах, стрыт-артарам дазволілі размаляваць падземны пераход каля Гданьскага ўніверсітэта. Для творчасці ім вылучылі ўчастак даўжынёй 30 метраў. Займаюцца гэтым пяць мастакоў з нашай краіны.
Вярбоўская: "І наступныя некалькі дзён яны прысвецяць таму, што будуць маляваць насценны малюнак на 30 метраў даўжынёй у падземным пераходзе каля ўніверсітэта. А тэматыка — беларуская гісторыя ў постацях. Праз гэтую тэматыку яны паказваюць тое, што агульнае і рознае ў беларусаў і палякаў. Так што будуць і агульныя героі. А вось сёння ўжо з'явілася Еўфрасіння Полацкая — першы партрэт, які паўстаў у Гданьску".
Вярбоўская кажа, што малюнкі робяцца з дазволу гарадскіх уладаў. Акцыя ладзіцца ў рамках праекту "Салідарныя з Беларуссю".
На фота — той самы пераход