Польскія навукоўцы хочуць абараніць сваіх зуброў ад беларускіх
Навукоўцы высветлілі, што польскія і беларускія жывёлы генетычна адрозніваюцца, але неўзабаве могуць змяшацца.
Польскія навукоўцы баяцца, што беларускія зубры змяшаюцца з польскімі і знішчаць іх унікальную генетычную лінію. У далёкім мінулым у Еўропе існавалі 2 віды зуброў — нізінны (або белавежскі) і каўказскі, які жыве на Каўказе. Пасля таго, як апошнія як від загінулі ў прыродзе, асобных жывёлаў можна было знайсці толькі ў заалагічных асяродках. Калі ж зуброў пачалі адмыслова адраджаць у “дзікіх” умовах, від падзялілі на 2 генетычныя лініі — нізінную і нізінна-каўказскую, бо чыста каўказскага зубра адрадзіць не атрымалася. Усіх зуброў і дагэтуль упісваюць у адмысловую Кнігу Радаводу згодна з падзелам на гэтыя лініі.
На дадзены момант вялікія статкі нізінных зуброў у прыродзе жывуць у Польшчы і Беларусі — па 4 статкі на краіну, больш за 100 жывёлаў у кожным. Зубры з Белавежскай пушчы не прыналежаць да адной папуляцыі. Больш за тое, паводле апошніх генетычных даследаванняў, беларускія зубры маюць дамешку генаў каўказскага зубра. Таму і ў радавод іх трэба ўпісваць па-іншаму — не як нізінных, а як нізінна-каўказскіх, упэўненыя польскія навукоўцы. Польскія ж зубры на дадзены момант з’яўляюцца адзінымі ў свеце прадстаўнікамі чыстай нізіннай лініі, піша “Выборча”.
Генетычныя даследаванні зуброў па абодва бакі беларуска-польскай мяжы праводзіліся цягам некалькіх гадоў. Іх рэалізоўвалі навукоўцы з Інстытуту біялогіі млекакормячых Польскай акадэміі навук у Белавежы Падлескай у супрацы з Нацыянальным паркам “Белавежская пушча”.
На дадзены момант свабодна вандраваць па пушчы зубрам перашкаджае плот, які раздзяляе польскую і беларускую частку, пабудаваны ў 1981 годзе. Такім чынам, польскія зубры не кантактуюць з беларускімі, адзначае выданне. Аднак плот паступова разбураецца і абедзве генетычныя лініі могуць змяшацца, што з’яўляецца пагрозай для нізінных зуброў.
Спалучэнне абедзвюх ліній можа мець пазітыўныя і негатыўныя наступствы. Сярод плюсаў — павелічэнне “сярэдняй генетычнай зменнай” папуляцыі зуброў у Белавежскай пушчы. А вось сярод момантаў, якія найбольш непакояць навукоўцаў, — выпадкі інбрэдавай дэпрэсіі ў нізінна-каўказскіх зуброў (інбрэдавая дэпрэсія — гэта змяншэнне агульнай жыццяздольнасці жывёлаў з-за спарвання ў межах аднаго роду, праяўляецца, напрыклад, у выглядзе слабага імунітэту і цяжкасцяў з адаптацыяй да новых умоваў).
Польскія навукоўцы хочуць распачаць дыскусію і выпрацаваць агульную пазіцыю, ці варта адмыслова ізаляваць польскіх зуброў ад беларускіх, бо ў выпадку спалучэння ліній, нізінны зубр як від фармальна перастане існаваць у прыродных умовах.
На дадзены момант у беларускай частцы Белавежскай пушчы налічваецца каля 360 зуброў, а на польскай каля 500.
Фота:mos.gov.pl