Польскія памежнікі выратавалі з балота восем нелегальных мігрантаў

Сем з васьмі выратаваных шпіталізаваныя, адна жанчына засталася пад наглядам памежнікаў / Reuters
Сем з васьмі выратаваных шпіталізаваныя, адна жанчына засталася пад наглядам памежнікаў / Reuters

Памежная ахова Польшчы выратавала з балота восем нелегальных мігрантаў. Людзі захраслі ў дрыгве, калі спрабавалі перайсці дзяржаўную мяжу з тэрыторыі Беларусі.

Інцыдэнт адбыўся ў нядзелю раніцай.

"Восем нелегальных мігрантаў, пяць мужчын і тры жанчыны, затрымаліся ў балотах каля ракі Супрасль", — гаворыцца ў паведамленні на старонцы ведамства ў Twitter. Людзі не маглі выбрацца з балота і былі знясіленыя.

"Для нас было вялікай праблемай дабрацца да іх",прыводзіць словы прэс-сакратара польскай памежнай аховы Ганны Міхальскай агенцтва ТАСС. Паводле яе слоў, памежнікам спатрэбілася дапамога салдат, пажарных, паліцэйскіх і верталёта медыцынскай авіяцыі.

Сем чалавек былі дастаўлены ў бальніцу, яшчэ адной жанчыне дапамога медыкаў не спатрэбілася. "Яна знаходзіцца пад наглядам памежнікаў", — распавяла Міхальская.

Напярэдадні стала вядома аб выяўленні на польска-беларускай мяжы памерлых людзей. Цела жанчыны "неславянскай знешнасці" знайшлі беларускія памежнікі, целы яшчэ траіх мужчын — польскія памежнікі.

З-за ўзрослага ў гэтым годзе патоку мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у ЕС з тэрыторыі Беларусі, Польшча, Латвія і Літва ўвялі на сваіх межах надзвычайнае становішча. У гэтых краінах мяркуюць, што да стварэння міграцыйнага крызісу датычныя беларускія ўлады. 8 верасня прадстаўніцтва ЕС у Беларусі абвясціла дэмарш беларускаму МЗС "у сувязі з незаконнымі пераходамі мяжы з боку Беларусі ў Еўрапейскі саюз" і настойліва папрасіла "улады Беларусі спыніць гэтую практыку". У беларускім МЗС  абвінавачванні не прызнаюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі