Польскія прафсаюзы абвяшчаюць генеральны страйк у верасні

13 чэрвеня польскі Сейм прыняў папраўкі ў Працоўны кодэкс. Цяпер працадаўцы змогуць у адпаведнасці са сваімі патрэбамі змяняць індывідуальныя гадзіны працы работнікаў.

Калі ўхвалялі закон, урад аргументаваў змену тым, што яна дапаможа ўтрымаць канкурэнтнасць польскай эканомікі. А міністр працы Уладыслаў Касіняк-Камыш казаў, што рашэнні, якія прапануюць новыя нормы, маюць карысны эфект:

“Хочам выратаваць як мага большую колькасць працоўных месцаў, утрымаць канкурэнтнасць польскай эканомікі, даць шансы на развіццё фірмам, але са згодай працаўнікоў, у межах дыялогу на ўзроўні фірм”.

Gazeta Wyborcza тлумачыць, як будзе выглядаць закон у практыцы:

“Калі няма заказаў, кампанія будзе мець магчымасць трымаць супрацоўнікаў на працы менш, чым восем гадзін. Калі праз восем месяцаў, напрыклад, заказы з’явяцца, супрацоўнікі будуць павінны працаваць больш за восем гадзін. Пры гэтым яны не змогуць разлічваць на грошы за перапрацоўку”.

Не прыйшлося доўга чакаць і рэакцыі прафсаюзаў, якія сцвярджаюць, што працаўнік будзе зведзены да ролі раба. 20 чэрвеня кіраўнік легендарнага прафсаюза “Салідарнасць” Пётр Дуда распавёў пра генеральны страйк, які мусіць адбыцца ў Польшчы:

“Ёсць згода на генеральны страйк, ёсць згода на дэманстрацыі. Ёсць толькі пытанне часу, і мы будзем інфармаваць грамадства аб наступных кроках. Першая дэкада верасня — вельмі праўдападобны час, калі гаварыць пра дэманстрацыю”.

Ці могуць беларускія працадаўцы самастойна вырашаць, калі супрацоўнікі мусяць працаваць, а калі адпачываць? І як пры гэтым аплачваецца праца?

Паводле беларускага працоўнага заканадаўства, у выпадку прастою наймальнікі мусяць плаціць работніку 2/3 тарыфнай стаўкі. Гэта невялікія грошы ў параўнанні з самім заробкам, таму часам прадпрыемствы карыстаюцца такой практыкай.

Іншая сітуацыя з перапрацоўкай. Раней, згодна са словамі лідара незалежнага прафсаюзнага руху Генадзя Федыніча, беларусы маглі перапрацоўваць у год 120 гадзін. І атрымоўвалі за іх падвойную аплату альбо, паводле дамовы з наймальнікам, дадатковыя выхадныя. Але ў мінулым годзе колькасць гадзін перапрацоўкі павялічылі да 140. У адрозненне ад палякаў, у Беларусі ніхто асабліва не абураўся.

Генадзь Федыніч: “Тое, што было 120 гадзін, а стала 140, безумоўна, не вельмі добра для работніка. Але калі працы хапае, я хачу зарабіць, я не буду шукаць на баку працу, лепш зарабіць у сябе на прадпрыемстве. Зараз, калі заробкі невялікія, людзі ўсё роўна шукаюць, дзе яшчэ зарабіць”.

Фота:Sebastian Adamus / Agencja Gazeta

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі