Мігранты з Усходу працуюць на нямецкіх бойнях як рабы
Схему эксплуатацыі выкрылі нямецкія СМІ. Пры сярэднім заробку па краіне ў 3400 еўра, мігрантам плацяць пару соцен еўра і трымаюць у нечалавечых умовах
Беларусы і палякі разглядаюць Германію як найбольш прывабную краіну для эміграцыі. Але часта іх чаканні аб шчаслівым жыцці разыходзяцца з рэчаіснасцю. Пра выпадкі бесчалавечнага абыходжання з працаўнікамі з бяднейшых краін у Германіі распавяло тэлебачанне ARD. Прычым, для эксплуатацыі працаўнікоў з Румыніі, Балгарыі, Польшчы і іншых краін Усходняй Еўропы адмыслова шукаюць нямецкія агенцтвы занятасці.
Журналісты высветлілі, што супрацоўнікі вядомых у мясной прамысловасці фірм не маюць ні працоўных кантрактаў, ні вызначаных гадзін працы і атрымоўваюць заробак усяго ў некалькі соцень еўра (паводле Федэральнага статыстычнага бюро Германіі летась сярэдні заробак па краіне склаў 3400 еўра ). Працаўнікі вымушаныя жыць па дзесяць і больш асобаў у пакоі, а самі баракі агароджаныя калючым дротам.
“Не было вызначанага часу працы. Кіраўнік змены будзіў мяне а 2-й ночы, я працаваў дзве гадзіны, пасля быў перапынак, а пасля зноў ішоў на працу”, — распавядае румынскі працаўнік адной з бойняў. Іншы, балгарын, дзеліцца сваім досведам: “Са мной абыходзіліся як з прыгонным, я працаваў нават з траўмаванай рукой”.
Нямецкая газета "Süeddeutsche Zeitung", каментуючы аферу з эксплуатацыяй усходнееўрапейскіх працаўнікоў, выкарыстоўвае рэзкія выразы, называючы апошніх “сучаснымі рабамі”.
Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў таксама распавядае пра балгар, палякаў і літоўцаў, якія спадзяюцца знайсці ў Германіі лепшае жыццё, а ў выніку трапляюць у пастку. Замест абяцанага высокага заробка натыкаюцца на цяжкую зневажальную працу і адсутнасць хоць якой аплаты.
Зразумела, што не ўсе нізкакваліфікаваныя працаўнікі з Польшчы, якія прыязджаюць у Германію на працу становяцца рабамі. Камусьці шанцуе больш. А хтосьці сам спрабуе “абысці сістэму” і, напрыклад, ідзе красці машыны. Разам з палякамі на крадзяжах аўто пачалі ўсё часцей лавіць і літоўцаў, украінцаў, расіян і саміх немцаў.
“Замежнікі адказваюць за 40% крадзяжоў машын. Сярод іх 70% — палякі, а 15 % — літоўцы. Не можам аднак сказаць, што палякі самая вялікая група злодзеяў. Гэтыя дадзеныя тычацца толькі 20% раскрытых крадзяжоў”, — цытуе прэс-сакратара паліцыі зямлі Брандэнбург Інга Дэцкерна польская газета Metro.
Згодна са статыстыкай АБСЕ, штогод 150 тысяч палякаў прыязджаюць на працу ў Германію. 40% з іх застаецца тут больш, чым на год. Летась найбольш пажаданай краінай для працы большасць палякаў (64%) называлі менавіта Германію. Што цікава, згодна з апытаннямі, беларусы таксама больш за ўсё імкнуцца пераехаць у гэтую краіну.
Фота: Małgorzata Kujawka / Agencja Gazeta