Портнікаў: Галоўнае, што ў Мінску ўдалося пасадзіць Пуціна за стол перамоваў

Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў украінскі палітолаг Віталь Портнікаў. Эксперт параўноўвае мінскія перамовы з перамовамі, якія калісьці пачаў Ізраіль з Ясерам Арафатам. Па яго словах, самы галоўны поспех саміта ў Мінску (ён прайшоў 26 жніўня) — Уладзіміра Пуціна, кіраўніка краіны, адказнай за канфлікт на Данбасе, удалося пасадзіць за стол перамоваў. Портнікаў выказвае спадзяванні, што ў выніку перамоўны працэс дапаможа Украіне саўладаць з канфліктам на ўсходзе краіны.

Віталь Портнікаў: “Будуць працягвацца ваенныя дзеянні на Данбасе і будзе эскалацыя сітуацыі, але будуць адначасова і перамовы. І гэтыя перамовы не дадуць Расійскай Федэрацыі і яе дыверсантам развіць ініцыятыву. І такім чынам нам паступова ўдасца вывесці гэта з ваеннай у палітычную фазу, аднавіць тэрытарыяльную цэльнасць дзяржавы на ўсходзе і пачаць кансультацыі аб вяртанні Украіне тэрыторыі Аўтаномнай рэспублікі Крым і Севастопаля, якія да гэтага часу ўтрымліваюцца расійскімі акупантамі”.

Што тычыцца дамоўленасці наконт правядзення кансультацый паміж кіраўнікамі Памежных ведамстваў Украіны і Расіі па перакрыцці расійска-украінскай мяжы, то, лічыць Портнікаў, да імгненнага спынення вайны на Данбасе гэта не прывядзе. Але перашкодзіць Расіі накіроўваць сепаратыстам “масіраваную ваенную дапамогу”. Што ў выніку дасць магчымасць украінскім вайскоўцам знішчыць тэрарыстаў. І гэта таксама вынік “мінскай сустрэчы”, падкрэслівае Віталь Портнікаў.

Фота — ria.ru, svobodanews.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі