"Потым павесім усё на свайго куміра": Чалы — пра паводзіны чыноўнікаў

Чыноўнікі слухаюць пасланне Лукашэнкі / скрыншот відэа АНТ
Чыноўнікі слухаюць пасланне Лукашэнкі / скрыншот відэа АНТ

Беларускія чыноўнікі і прапагандысты апошнім часам вядуць сябе цікава. Самы яскравы прыклад — пасыл Рыгора Азаронка ў духу "ці вартыя мы такога кіраўніка" і параўнання Лукашэнкі з Майсеем. Аналітык Сяргей Чалы тлумачыць, што гэта, калі не манархізм і не культ асобы.

— Колькі б Лукашэнка ні расказваў пра тое, як ён перамог, які ён усёмагутны, за ўсёй гэтай бравадай хаваецца трывога за будучыню. Якая яна? З усіх бакоў дупа і далей будзе горш, але, вядома, можна сядзець і расказваць, як мы будзем нешта развіваць. Вядома, ва ўсіх іх не вельмі прыемныя адчуванні. І не вельмі зразумела, як размаўляць. І спыніцца ж немагчыма.

Чалы прыводзіць у прыклад генпракурора, які прапанаваў выбудаваць сістэму, у якой "аўтарытэтныя людзі" будуць "ацэньваць справядлівасць" прысудаў судоў.

— Гэта, дарэчы, вельмі цікава пабудаваная фармулёўка. Гэта не прысяжныя засядацелі, не народныя засядацелі часоў СССР, яны ацэньваць будуць гэта постфактум... У яго [Лукашэнкі] пастаянна прысутнічае жаданне прыдумаць інстытуцыянальны механізм бачнасці народнага ўхвалення ўсёй той чэрні, якую чыняць.

Напрыклад, спроба стварыць такі механізм — Усебеларускі народны сход, які павінен будзе "выдаваць канчатковую паперку аб легітымнасці".

У цэлым жа ў Беларусі сёння праходзіць, на думку Чалага, не "чачэнізацыя", як кажуць многія, а архаізацыя. Параўноўвае працэсы аналітык і з "прэвентыўным манархізмам": у такой логіцы чыноўнікі дэманструюць, што могуць" выстраіцца", але не саўдзельнічаць.

— Гэта таксама пазіцыя страху. Што робяць усе гэтыя таварышы, якія разумеюць, што пойдуць па тым самым артыкуле, што і "Радыё тысячы пагоркаў"? Хтосьці актыўна сімулюе вар'яцтва, а хтосьці гаворыць пра тое, што "вы ж разумееце"... Для іх культ асобы патрэбен для таго, каб потым сказаць "дык гэта ж усё Ён". І атрымліваецца, што мы можам быць у вашай секце, але дзейнічаць у імя ваша не вартыя.

Тактыка паводзін дзяржапарату сёння такая: "Мы не можам вочы падняць, не вартыя такога яркага святла — пастаім лепш так, а потым усіх сабак павесім на гэтага самага куміра".

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі