"Пра такое не чула". Як мы шукалі новы падручнік па гісторыі Беларусі і Расіі
Ці існуе новы падручнік?
Агульны падручнік гісторыі Беларусі і Расіі зусім нядаўна быў анансаваны, але калі верыць рэктару Магілёўскага ўніверсітэта Дзянісу Дуку, ужо выкарыстоўваецца ў беларускіх школах. Хуткасць падрыхтоўкі і выпуску дапаможніка ўражваюць, але ці існуе ён дзесьці, акрамя як на паперы?
Еўрарадыё вырашыла даведацца, што гэта за падручнік і дзе яго можна купіць. Мы зрабілі некалькі званкоў у профільныя інстанцыі. Вось, што мы высветлілі.
У Мінадукацыі пра падручнік... не ведаюць
У Міністэрстве адукацыі журналісту Еўрарадыё, які патэлефанаваў пад выглядам школьнага настаўніка, паведамілі, што пра такі падручнік не чулі.
— Я не ведаю пра такую кнігу і ніколі не чула. У нас ёсць праграмы факультатыўных заняткаў, якія былі зацверджаныя і размешчаюцца на нацыянальным адукацыйным партале, паводле іх і трэба працаваць. А пра такі падручнік я не ведаю, — расказала супрацоўніца і параіла звярнуцца ў метадычны цэнтр Акадэміі адукацыі (так цяпер называецца Нацыянальны інстытут адукацыі і Акадэмія паслядыпломнай адукацыі).
У чарговай інстанцыі нам таксама паведамілі, што нічога пра такі падручнік не ведаюць.
— Я такога не ведаю, далібог. Зараз з новага распрацоўваецца толькі падручнік для 10 класа, і тое, ён з'явіцца ў школах толькі з 1 верасня. Падручніка, пра які гаворыцца ў навінах, у нас няма. Я не ведаю, пра якое выданне ідзе гаворка. У Беларусі можна вучыць дзяцей толькі па тых падручніках, дзе стаіць грыф міністэрства адукацыі. Дык вось, падручніка па гісторыі Беларусі і Расіі ў дадзены момант няма.
Супрацоўніца метадычнага цэнтра дапусціла, што рэктар Магілёўскага ўніверсітэта меў на ўвазе дапаможнік для педагогаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.