Прадстаўніцам руху "Маці 328" не дазволілі запісацца на прыём да Качанавай

"Маці 328" / Еўрарадыё, архіўнае фота
"Маці 328" / Еўрарадыё, архіўнае фота

Актывісткам руху "Маці 328" не далі запісацца на прыём да старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. А неафіцыйна жанчынам намякнулі, што лепш калектыўных дзеянняў больш не рабіць, паведамляюць праваабаронцы.

Рух "Маці 328" аб'ядноўвае жанчын, чые дзеці асуджаныя па гэтым "наркатычным" артыкуле. Актывісткі руху планавалі сустрэцца з Качанавай 11 студзеня.

Да снежня 2019 года Качанава кіравала Адміністрацыяй Лукашэнкі і неаднаразова сустракалася з актывісткамі руху. Яна давала надзею на перагляд практыкі прымянення частак 3 і 4 артыкула 328 КК (злачынства ў складзе групы), па якіх падлеткам даюць вялізныя тэрміны пры сумнеўнай доказнай базе.

Але цяпер чыноўніца працуе на новай пасадзе і, відавочна, не хоча больш займацца тэмай 328-га артыкула.

Як пішуць праваабаронцы, бацькам асуджаных падлеткаў "далі зразумець, што ва ўмовах, калі грамадзянская супольнасць і няўрадавыя арганізацыі разгромленыя, гэта вялікая смеласць — рабіць калектыўныя дзеянні. Неафіцыйна бацькам рэкамендавана кожнай сям'і паасобку запісвацца на прыём да цяперашніх службовых асоб з прэзідэнцкай адміністрацыі і вырашаць пытанні асабіста".

Ім рэкамендавалі звяртацца да начальніка Галоўнага ўпраўлення па ўзаемаадносінах з органамі заканадаўчай і судовай улады, пытаннях грамадзянства і памілавання Жанны Цішчанка. А яна будзе прымаць толькі ў сакавіку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі