Праваабаронцы просяць ЗША выратаваць нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага

Алесь Бяляцкі на судзе

Алесь Бяляцкі на судзе

Беларускія праваабаронцы папрасілі ўлады ЗША прадпрыняць тэрміновыя дзеянні па вызваленні лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, палітвязня Алеся Бяляцкага. Сустрэча праваабаронцаў "Вясны" з часовым павераным ЗША ў справах Беларусі Пітэрам Каўфманам адбылася 15 студзеня ў дыппрадстаўніцтве Злучаных Штатаў у Вільні, перадае DW. Беларуская дэлегацыя складалася з трох чалавек.

Кіраўнік "Вясны" Алеся Бяляцкага арыштавалі ў ліпені 2021 года і асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі. Калі праваабаронца быў за кратамі, яго ўзнагародзілі Нобелеўскай прэміяй — разам з расійскім праваабарончым цэнтрам "Мемарыял" і ўкраінскім "Цэнтрам грамадзянскіх свабод".

Паплечнікі Бяляцкага звяртаюць увагу, што ён — адзін з пяці нобелеўскіх лаўрэатаў, якія атрымалі прэмію, знаходзячыся ў турме за свае законныя дзеянні і самаадданую барацьбу за дэмакратыю і правы чалавека. Бяляцкаму ўжо 62 гады. Праз узрост і праблемы са здароўем яго ўключылі ў гуманітарны спіс найбольш уразлівай групы палітвязняў, складзены беларускай грамадзянскай супольнасцю.

Праваабаронцы згадалі леташні абмен паміж Захадам і Расіяй, калі Расія аддала палітвязняў узамен на арыштаваных шпіёнаў. Праваабаронца Леанід Судаленка звярнуў увагу на паведамленні СМІ аб падрыхтоўцы магчымага новага такога абмену паміж Захадам і Расіяй. Паводле яго, у такі гіпатэтычны спіс на абмен неабходна ўключыць Бяляцкага. Судаленка кажа, што ў беларускай дэлегацыі склалася ўражанне, што амерыканскі бок пачуў яе аргументы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі