Праваабаронцы заклікаюць спыніць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі
Беларуская праваабарончая супольнасць адрэагавала на шматлікія факты парушэнняў працэсуальных правоў і гарантый абвінавачаных, а таксама іх абаронцаў па палітычна матываваных крымінальных справах. У заяве згадваюцца катаванні, з дапамогай якіх затрыманых прымушаюць "да дачы паказанняў у адсутнасць абаронцы і рознага роду "інтэрв'ю" з ужываннем відэазапісу". Пасля гэтыя "відэасведчанні" выкарыстоўваюцца "не толькі дзяржаўнымі прапагандысцкімі рэсурсамі, але і ў якасці доказу абвінавачвання ў судзе". Праваабаронцы пішуць пра "абуральны выпадак", калі была запісана на аўдыё і відэа гутарка палітвязня Сяргея Ціханоўскага і яго адваката, а пасля фрагменты паказаныя на дзяржаўным тэлеканале.
"Суды неабгрунтавана прызначаюць і праводзяць закрытыя судовыя паседжанні ў адсутнасць для гэтага падстаў", — адзначае праваабарончая супольнасць. Чарговы такі працэс 12 траўня пачынаецца ў Магілёве. Яшчэ адна праблема — некаторыя крымінальныя справы палітвязняў "разглядаюцца або прызначаныя да разгляду ў Вярхоўным судзе", а гэта "азначае неадкладнае ўступленне ў сілу прысуду пасля яго вынясення і адсутнасць права на перагляд справы вышэйстаячым судом". Згадваецца і "прапагандысцкая кампанія" ў дзяржаўных СМІ, накіраваная на "дыскрэдытацыю ў вачах грамадскасці" палітвязняў.
Праваабаронцы заклікаюць да вяртання "да прававых асноў функцыянавання праваахоўнай і судовай сістэмы", да спынення катаванняў, да спынення парушэння права на абарону, прэзумпцыі невінаватасці, да правядзення расследавання і пакарання вінаватых, да спынення палітычных рэпрэсій.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.