Пуцін прапанаваў згадаць у расійскай Канстытуцыі Бога

Пуцін прапанаваў згадаць у расійскай Канстытуцыі Бога

Уладзімір Пуцін зрабіў папраўкі да ўласнага законапраекту пра змену Канстытуцыі Расіі. 

Паводле інфармацыі Бі-Бі-Сі, расійскі кіраўнік прапанаваў дадаць у Канстытуцыю пункт пра тое, што Расія "захоўвае памяць продкаў, якія перадалі ідэалы і веру ў Бога". Таксама ён лічыць неабходным замацаваць у Асноўным законе паняцце шлюбу як саюза мужчыны і жанчыны.

Гэтыя папраўкі будуць зробленыя ў артыкуле пра федэратыўнае ўладкаванне. Раней група, якая працуе над Канстытуцыяй, прапаноўвала прапісаць іх у прэамбуле.

Пуцінскія папраўкі паступілі ў Дзярждуму ў панядзелак увечары. Сам дакумент яшчэ не апублікаваны ў думскай базе законапраектаў. Але пра яго змест расказалі спікер Думы Вячаслаў Валодзін, яго памочніца Настасся Кашаварава і віцэ-спікер Думы Пётр Талстой

Згадка Бога ў Канстытуцыі, па словах Кашаваравай, будзе гучаць так: "Расійская Федэрацыя, аб'яднаная тысячагадовай гісторыяй, захоўваючы памяць продкаў, якія перадалі нам ідэалы і веру ў Бога, а таксама пераемнасць у развіцці Расійскай дзяржавы, прызнае дзяржаўнае адзінства, якое гістарычна склалася". Раней з прапановай згадаць Бога ў Канстытуцыі выступаў Патрыярх Кірыл

Валодзін жа паведаміў, што Савет Думы з задавальненнем успрыняў прэзідэнкую папраўку пра тое, што шлюб — гэта саюз мужчыны і жанчыны. 

Таксама ў расійскай Канстытуцыі будзе згаданая "гістарычная праўда": "Расійская Федэрацыя шануе памяць абаронцаў Айчыны, забяспечвае абарону гістарычнай праўды. Прыніжэння значэння подзвігу народа пры абароне Айчыны не дапускаецца".

Ёсць у папраўках і прапанова не дапускаць "дзеянняў, накіраваных на адчужэнне часткі тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, а таксама заклікаў да іх".

Рэферэндум па расійскай Канстытуцыі прызначаны на 22 красавіка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі