Пуцін запрасіў Трампа ў Маскву і ён гатовы прыехаць
Уладзімір Пуцін запрасіў Дональда Трампа ў Маскву. Пра гэта расійскі прэзідэнт заявіў у пятніцу ў Ёханэсбургу, дзе праходзіў саміт лідараў краін БРІКС (Бразіліі, Расіі, Індыі, Кітая і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі). "У яго ёсць жаданне праводзіць далейшыя сустрэчы, і я гатовы да гэтага", — цытуе словы Пуціна "Голас Амерыкі".
Расійскі прэзідэнт прызнаўся, што гатовы прыехаць у Вашынгтон. Праўда, з умовай, што там "будуць створаны адпаведныя ўмовы для працы".
Пазней прэс-сакратар Белага дома Сара Сандэрс заявіла, што Трамп гатовы наведаць Маскву, калі ў яго будзе афіцыйнае запрашэнне. У той жа час амерыканскі прэзідэнт чакае ў Вашынгтоне прэзідэнта Расіі ў пачатку наступнага года. Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін 16 ліпеня сустракаліся ў Хельсінкі. Пасля гэтага стала вядома, што Трамп запрасіў Пуціна прыехаць у ЗША ўжо бліжэйшай восенню. На фоне жорсткай крытыкі на радзіме амерыканскі прэзідэнт адклаў прыезд Пуціна на наступны год.