Пуцін збіраецца ў канцы лістапада прыехаць у Мінск
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін плануе прыехаць 23 лістапада ў Мінск — на саміт АДКБ. Пра гэта ён расказаў падчас перамоваў з прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым. Гаворачы пра кантакты з казахстанскім калегам, ён адзначыў, што ў найбліжэйшы час у іх зноў будзе нагода сустрэцца.
"Неўзабаве сустрэнемся ў Мінску на пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі (АДКБ), а да канца года будзем мець дадатковыя магчымасці пагутарыць у Пецярбургу падчас саміту ЕАЭС і традыцыйнай нефармальнай пераднавагодняй сустрэчы лідараў СНД", — заявіў Пуцін.
Нагадаем, 1 лістапада Аляксандр Лукашэнка і Пуцін размаўлялі па тэлефоне, абмяркоўвалі падрыхтоўку да саміту АДКБ, які мае адбыцца ў Мінску. Інтрыгай застаецца, ці прыедзе ў Мінск прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян. Пасля падзей у Нагорным Карабаху і адсутнасці дапамогі з боку АДКБ Арменія пачала згортваць свой удзел у арганізацыі: адмовілася ладзіць вучэнні, а армянскі міністр абароны не прыехаў у траўні ў Мінск на пасяджэнні кіраўнікоў абаронных ведамстваў арганізацыі.
У Ерэване кажуць, што пакуль не вызначыліся з пытаннем пра ўдзел прэм'ер-міністра ў мінскім саміце. "Калі гэтае рашэнне будзе прынятае, грамадскасць пра гэта будзе праінфармаваная. Тэарэтычна прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян можа ўзяць удзел ці не ўзяць удзел (у саміце)", — заявіў сёння журналістам намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Ваган Кастанян.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.