ПВК "Вагнер" застаецца ў Беларусі, але ёсць чуткі пра перакідванне ў Расію — ISW
Вагнеравец / ria.ru
Байцы ПВК "Вагнер" застаюцца ў Беларусі, хаця апошнімі днямі з'явіліся паведамленні, што іх могуць перакідваць у Расію. Пра гэта пішуць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) у сваёй свежай зводцы.
Яны параўноўваюць спадарожнікавыя здымкі лагера наймітаў пад Асіповічамі, зробленыя 1 і 9 жніўня. На іх бачная вялікая колькасць машын. І за першыя дні жніўня іх колькасць, магчыма, павялічылася.
Украінскія крыніцы заяўляюць, што вагнераўцы пашыраюць сваю дзейнасць у Брэсцкай вобласці. А крыніцы, звязаныя з самой вайсковай кампаніяй, паведамляюць, што найміты працягваюць навучаць беларускіх вайскоўцаў.
8 жніўня з'явіліся чуткі, быццам вагнераўцы перакінулі з Беларусі ў Краснадарскі край, Варонежскую і Растоўскую вобласці Расіі ад 500 да 600 чалавек. Эксперты ISW адзначаюць, што не выявілі абвяржэння гэтай інфармацыі.
Паводле неафіцыйных звестак, другі этап вываду вагнераўцаў з Беларусі нібыта запланаваны на 13 жніўня. Пасля гэтага ў Беларусі застанецца невялікая група, якая будзе навучаць беларускіх вайскоўцаў.
Заснавальнік ПВК "Вагнер" Яўген Прыгожын пакуль ніяк не каментуе гэтыя чуткі — ні асабіста, ні праз пасярэднікаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.