П'яны бабруйчанін парэзаў колы на 11 аўтамабілях (відэа)
Па гарачых слядах затрымалі зламысніка супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку ў Бабруйску. Як паведамляе uvd.mogilev.by, у ноч на 18 студзеня мужчына парэзаў колы на 11 аўтамашынах, прыпаркаваных у дварах вуліц Ракасоўскага і Ульянаўскай.
Пашкоджаныя аўтамабілі належаць мясцовым жыхарам. Уладальнікі пакінулі іх на ноч у дварах дамоў, а зранку пабачылі прабітыя колы.
Міліцыянты высветлілі, што колы машын былі пашкоджаныя нажом. Зламысніка затрымалі на працягу некалькіх гадзін: дапамаглі ў гэтым відэакамеры, усталяваныя ў дварах. Гэта 43-гадовы раней судзімы бабруйчанін. Колы ў аўтамабілях ён парэзаў, калі быў п'яны.
Следчы камітэт пачаў на мужчыну крымінальную справу за хуліганства. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.