П'яны кіроўца ў Пінску пакусаў інспектара ДАІ

П'яны кіроўца ў Пінску пакусаў інспектара ДАІ

Інспектар ДАІ ў Пінску пацярпеў пры затрыманні п'янага кіроўцы. Мужчына не толькі адбіваўся ад даішніка, але і пусціў у ход зубы. Акалічнасці здарэння тэлеканалу "Вараг" паведаміў следчы Пінскага міжраённага аддзела Следчага Камітэта Міхаіл Чыстоўскі.

Інцыдэнт адбыўся ў ноч з суботы на нядзелю 21 траўня. На вуліцы Савецкай даішнікі заўважылі неадэкватныя паводзіны кіроўцы чорнага БМВ. Яны паспрабавалі спыніць аўто, але кіроўца пачаў уцякаць. Праўда, каля дома №2 па вуліцы Кірава аўтамабіль па тэхнічных прычынах спыніўся. Тады парушальнік пакінуў машыну і паспрабаваў уцячы пешшу. 

"Пабег ён у бок дома №2А па вуліцы Кірава, але быў затрыманы супрацоўнікамі ДПС. І ў працэсе затрымання ў дачыненні да аднаго з іх ужыў гвалт з мэтай перашкодзіць яго законнай дзейнасці", — распавёў прадстаўнік Следчага камітэта.

Выявілася, што кіроўца быў не толькі п'яны (1,2 праміле), але і меў непагашаную судзімасць. Яна хутчэй за ўсё і стала прычынай яго ўцёкаў ад міліцыі. 

Цяпер замест адміністратыўнай справы за п'янае кіраванне на пінчука пачалі крымінальную справу. Яго затрымалі, вырашаецца пытанне пра яго утрыманне пад вартай. 

А пакусанаму інспектару давядзецца лячыцца, бо пры затрыманні яго яшчэ і пабілі, а не толькі пакусалі. Супрацоўнік ДПС да сённяшняга дня знаходзіцца на бальнічным.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі