П'яны "Рамэа" скраў трактар і паехаў у суседнюю вёску прызнавацца ў каханні
Трагікамічнае здарэнне адбылося на днях у Верхнядзвінскім раёне Віцебшчыны, паведамляе прэс-служба ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама.
У аператыўна-дзяжурную службу міліцыі паведамілі, што на трактары МТЗ па ферме ў вёсцы Чыстопаль ездзіць п'яны трактарыст. Міліцыянты, якія прыбылі на месца здарэння, затрымалі мужчыну.
Выявілася, што за рулём трактара быў беспрацоўны 36-гадовы ўраджэнец раёна. Выпіўшы, мужчына зайшоў на мясцовую малочна-таварную ферму і пабачыў там незачынены трактар. Скарыстаўшыся ключамі ў замку запальвання, ён завёў трактар і паехаў на малочна-таварную ферму ў суседняй вёсцы, да сваёй сужыцелькі. Свой учынак мужчына патлумачыў вострым жаданнем прызнацца жанчыне ў каханні.
Цяпер на вясковага "Рамэа" пачалі крымінальную справу.