"Рамяство — праца для людзей, якія імкнуцца да свабоды”
Як стаць рамеснікам, ці дастаткова грошай прыносіць такая праца і чым яна лепшая за любую іншую, расказвае рамесніца Алеся.
За год у Беларусі паболела на 2 тысячы рамеснікаў. Летась Мінэканомікі “зарэгістравала” 4 тысячы 596 рамеснікаў. Сёння іх ужо 6 тысяч 740. Найбольш актыўна грамадзяне рэгіструюцца ў якасці рамеснікаў у сталіцы і ў Віцебскай вобласці. На 1 ліпеня ў Мінску налічвалася 1 тысяча 435 такіх грамадзянаў, а на Віцебшчыне — 1тысяча 221. А менш за ўсё рамеснікаў зафіксавана на Магілёўшчыне — усяго 670 чалавек, піша газета “Звязда”.
***
Паслухаць гутарку цалкам можаце тут:
Еўрарадыё: Як вы прыйшлі да рамяства, змянілі звычайную працу на незвычайную?
Алеся: Мне падаецца, што амаль усе рамеснікі праходзяць аднолькавы шлях: пачынаюць рабіць штосьці для сябе. Я захацела сабе берэт і навучылася проста па кніжцы вязаць сабе берэт. Потым мне гэта вельмі спадабалася і я пачала спрабаваць розныя іншыя варыянты — розныя шапачкі, розныя ўзоры. Потым гэтыя шапачкі пачалі ацэньваць сябры, я пачала дарыць шапачкі як падарункі. Абвязала ўсіх сяброў, паўгорада хадзіла ў маіх шапках, і гэта ўжо была рэклама, гэта нават стала модна. Тады ў мяне пачалі прасіць звязаць шапку за грошы і я пакрыху пачала вязаць за грошы. А потым крама “Славянская вопратка” ў Маскве даведалася пра гэтыя шапачкі. На рэалізацыю я аддаю шапкі ў Маскву, але пакуль я вяжу партыю ў Маскву, практычна я не паспяваю іх адсылаць, бо хто заходзіць — раскупляюць іх тут. У мяне ўжо ёсць свой стыль, які заўважны.
Еўрарадыё: Ці прыносіць рамяство дастатковы прыбытак?
Алеся: Так, калі мне патрэбныя грошы, я сядаю, вяжу і атрымліваюцца нармальныя грошы, на якія можна спакойна жыць.
Еўрарадыё: Што трэба для таго, каб стаць рамеснікам?
Алеся: Трэба ўменне, жаданне і ўседлівасць. Трэба, проста каб да гэтага ляжала душа. А калі пытанне ў тым, як аформіцца рамеснікам, то ўвогуле няма ніякіх праблем. Прыходзіш у падатковую службу, рэгіструешся ў якасці рамесніка, плаціш падатак адзін раз на год 100 тысяч — і спакойна займаешся рамяством. Ты можаш прадаваць, дзе хочаш, свой тавар, адзінае што трэба самому шукаць збыт. Больш за тое, калі рамесніцтва афармляць праз Цэнтр занятасці, то можна напісаць бізнэс-план — і тады даюць субсідыю для ўласнай справы. Тады некалькі мільёнаў можна ўкласці ў справу. Я брала такую субсідыю і набыла ніткі, лён, бо я яшчэ, апроч шапак, раблю карціны з прыродных матэрыялаў, вышываныя торбы. Адзінае што — усё гэта набыць можна толькі за безнаяўны разлік, але дзяржава дае на гэта грошы.
Еўрарадыё: Ці ведаеце вы іншых рамеснікаў?
Алеся: Такіх, хто вязаў бы шапкі, не ведаю, то бок канкурэнцыі ў мяне няма. Можа яны дзесьці і ёсць, але мы не перасякаемся. А іншых, канешне, ведаю. У мяне шмат сяброў-рамеснікаў, ёсць майстры па гліне, ёсць такія, што кладуць печы, хтосьці робіць мэблю, захоўваючы прыродныя формы. Чым добрае рамесніцтва — што ты працуеш на сябе, ты нікому не вінен, над табой не стаіць ніякі начальнік, гэта пэўная ступень свабоды. Для людзей, якія імкнуцца да свабоды, найлепшы варыянт заробку — засвоіць нейкае рамяство. І ты можаш жыць, дзе хочаш, ты можаш паехаць у любую краіну, у любы горад, з рамяством ты нідзе не прападзеш.
Еўрарадыё: Ці шмат людзей вы заахвоцілі займацца рамёствамі?
Алеся: Ёсць такія. Прыязджалі сябры і натхняліся, і я іх вучыла. Хтосьці можа не на продаж, а для сябе, для сяброў штосьці робіць. Увогуле рэч, якую ты робіш сваімі рукамі, мае энергію, яна як жывая, майстар напаўняе рэч сваім духам. Калі чалавек трымае яе ў руках, ён адчувае, што гэта не завадская штампоўка, у гэтым і ёсць каштоўнасць, калі харошы чалавек з добрымі думкамі рабіў. Я стараюся ў добрым настроі працаваць, таму атрымліваюцца харошыя, пазітыўныя рэчы.