Расія і ЗША не дамовіліся па сірыйскім пытанні ў Савеце Бяспекі ААН
На экстраным пасяджэнні Савета Бяспекі ААН, скліканым у пятніцу па ініцыятыве Балівіі для абмеркавання амерыканскага ракетнага ўдару па аэрадроме сірыйскіх урадавых ВПС, Вашынгтон і Масква абмяняліся ўзаемнымі абвінавачаннямі і папярэджаннямі аб негатыўных наступствах правядзення пэўнай палітыкі ў Сірыі.
Амерыканскі бок настойвае на тым, што трэба перадухіліць выкарыстанне хімічнай зброі рэжымам Башара Асада. Пра гэта заявіла сталы прадстаўнік ЗША ў ААН Нікі Хейлі. Яна ўпэўненая, што ўзмацненне Асада прывядзе да новых забойстваў і асудзіла Расію і Іран за падтрымку гэтага рэжыму.
Прадстаўнік Расіі ў Савеце Бяспекі ААН Уладзімір Сафранкоў у адказ назваў дзеянні ЗША незаконнымі і сказаў, што яны граюць на руку тэрарыстам.
У пятніцу каля 4.00 паводле мясцовага часу два амерыканскія эсмінцы, якія знаходзяцца ў Міжземным моры на поўдзень ад Кіпра, выпусцілі 59 крылатых ракет “Тамагаўк” па аэрадроме Шэйрат на захадзе правінцыі Хомс. Мяркуецца, што адтуль стартавалі самалёты, якія ажыццяўлялі хімічную атаку, перадае ВВС.