Расійскі адвакат: ФСБ скажа, што Павел Грыб сам прыехаў у Расію і здаўся
Расійскі адвакат Марк Фейгін не выключае таго, што 19-гадовы грамадзян Украіны Павел Грыб, які знік пасля сустрэчы ў Гомелі з дзяўчынай з Сочы, раптам з’явіцца ў будынку Упраўлення ФСБ па Краснадарскім краі.
Марк Фейгін: “Такія выпадкі ўжо былі. Потым чалавек узнікаў у Расіі і рабілася заява з боку ФСБ, што чалавек сам пераехаў мяжу. Сам, па добрай волі прыехаў на тэрыторыю Расіі і сам здаўся расійскім уладам, бо даведаўся, што знаходзіцца ў вышуку. Схема, якая будзе прымененая для тлумачэння таго, як гэты хлопец, калі гэта ўсё ж выявіцца, апынуўся на тэрыторыі Расіі, будзе падобнай. Яна будзе абсурднай па змесце і такой жа абсурднай па форме. Зробяць заяву, што ён сам перасёк мяжу. Будуць усе казаць, што гэта нелагічна, што паверыць у гэта немагчыма, бо патрэбы самому ехаць здавацца ў яго ніякай не было ― нікога гэта хваляваць у Расіі не будзе. І я дапускаю тут супрацоўніцтва паміж беларускім КДБ і расійскім ФСБ. Нават упэўнены, што такое дакладна было. З-за нейкіх інтарэсаў і прычын, пра якія нам ніколі не скажуць. Магчыма, ёсць нейкая адмысловае сакрэтнае пагадненне для такіх выпадкаў паміж ФСБ і КДБ: як у такіх выпадках дзейнічаць. І дзейнічалі па гэтай схеме”.
Па неафіцыйнай інфармацыі Еўрарадыё, Павел Грыб сапраўды знаходзіцца ў Краснадары, у мясцовым ФСБ. Але афіцыйна нам гэтага не пацвердзілі. Хаця і не абверглі. Прэс-афіцэр УФСБ РФ па Краснадарскім краі настойліва параіў тэлефанаваць па каментары ў Маскву.
Марк Фейгін кажа, што каб атрымаць адказ пра месцазнаходжанне Паўла, МЗС Украіны мусіць накіраваць адпаведную ноту ў МЗС Расіі. А бацьку хлопца трэба ад свайго імя напісаць запыты ў МЗС Беларусі і Расіі, а таксама ў ФСБ і КДБ. І заняцца пошукам адваката. Бо дзяржаўны адвакат, якога па інфармацыі Еўрарадыё ужо далі Паўлу Грыбу, з абаронай па такой справе не справіцца. Але параіць, да каго звярнуцца, не змог.
Марк Фейгін: “Гэта бацькам Паўла трэба вырашыць сумесна з МЗС Украіны. Мае сэнс менавіта МЗС Украіны заняцца пошукам адваката ў Расіі. Калі справа будзе весціся ў Краснадары, то маскоўскі адвакат наўрад ці зможа ў ім браць удзел у поўным аб’ёме з улікам загрузкі і адлегласці”.
Што да прычын, чаму ФСБ выбраў Паўла Грыба, то расійскі адвакат не выключае, што, магчыма, справа ў расійскім салдаце Агееве, якога ўзялі ў палон на Данбасе і асудзілі ва Украіне. Фейгін не выключае, што ФСБ зараз “хапае ўсіх, да каго можа дацягнуцца, каб сабраць добрую лічбу для абмену”.
Нагадаем, 19-гадовы ўкраінец Павел Грыб прыехаў з Кіева ў Гомель на сустрэчу з дзяўчынай з Расіі 24 жніўня. Дамоў ён так і не вярнуўся. Як даведаўся бацька хлопца Ігар Грыб ад гомельскіх міліцыянераў, яго сын знаходзіцца ў вышуку па падазрэнні ў здзяйсненні тэрарыстычнага акту па запыце ФСБ РФ па Краснадарскім краі і горадзе Сочы. Дзяўчына, на сустрэчу з якой Павел прыехаў у Гомель, расказала Еўрарадыё, што выцягнула яго ў Беларусь па патрабаванні ФСБ.