Расійскі чыноўнік заклікаў "закрыць Instagram" — пераблытаў з Telegram

Расійскі чыноўнік заклікаў "закрыць Instagram" — пераблытаў з Telegram

Кіраўнік Следчага камітэта Расіі Аляксандр Бастрыкін заклікаў "закрыць Instagram" — пераблытаў з Telegram. Як піша сайт rbc.ru, Бастрыкін выступаў на з'ездзе ўпаўнаважаных па справах дзяцей і заявіў, што супраць Расіі ідзе інфармацыйная вайна і трэба адказваць на яе, выкарыстоўваючы замежны досвед.

"У Турцыі замест Yandex, Google​​​ ёсць свая інфармацыйная сістэма працы для дзяцей, — гаварыў чыноўнік. — А мы нават Instagram закрыць не можам. А між іншым, Instagram трэба закрываць, таму што тэракт у Ленінградзе ў мінулым годзе быў здзейснены пры дапамозе Instagram".

Далей Бастрыкін прапанаваў "скараціць фармальную доўгую працэдуру закрыцця сайтаў і праграмаў". "І цяпер мне сказалі, што Instagram падасць у суд на дзяржаву", — шакіраваў прысутных кіраўнік Следчага камітэта Расіі.

Чыноўнік, відавочна, памыліўся. Пазней на сайце Следчага камітэта Расіі пераказалі змест прамовы свайго кіраўніка і ў ёй ужо згадваўся "Telegram". Як вядома, у красавіку ў Расіі паводле рашэння суда пачалі блакаваць месенджар (яго кіраўніцтва адмовілася перадаць ФСБ РФ ключы шыфравання ад перапіскі карыстальнікаў). А вось пра прэтэнзіі расійскіх сілавікоў да Instagram дагэтуль інфармацыі не было.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі