Расійскі спецназ атакуе ўкраінскія часткі ў Крыме
Украінскія вайскоўцы кажуць, што ў іх няма загаду адказваць агнём на нападзенні, а Генпракуратура пагражае.
Выкарыстоўваючы святлошумавыя гранаты, расійскія вайскоўцы захапілі амаль усе будынкі ўкраінскай вайсковай часткі № 4515 у Бельбеку. Пра гэта "Украінскай праўдзе" распавёў салдат роты аховы часткі Раман Берагавы. Паводле яго слоў, расійскія вайскоўцы блакавалі частку тры дні. Уначы яны акружылі варту, закідалі яе святлошумавымі гранатамі і загадалі скласці зброю. Украінскія вайскоўцы адмовіліся. "Мы не адказвалі, таму што загаду зверху няма... У нас не было загаду ўступаць у бой", — распавёў украінскі салдат.
У выніку, расійскія вайскоўцы забралі склады са зброяй, іншыя памяшканні. Украінскія вайскоўцы ўтрымліваюць толькі адзін адміністрацыйны будынак і сцяг часткі. "Вось мы іх цяпер ахоўваем. Занялі абарону", — сказаў Раман Берагавы. Пры гэтым ён падкрэсліў, што камандзір часткі і ўся частка гатовыя змагацца.
Украінскія вайскоўцы
Невядомыя ўзброеныя людзі ўначы намагаліся патрапіць на тэрыторыю ўкраінскага аддзела марской аховы ў Керчы. Адзін з трох аўтобусаў, на якіх яны прыехалі, мае расійскія нумары. Чакаецца штурм украінскай вайсковай часткі № 1656 у Севастопалі.
З'явілася інфармацыя, што ўначы расійскія вайскоўцы захапілі ўкраінскую вайсковую частку № 2382 у Балаклаве. 50 украінскіх вайскоўцаў узятыя ў палон, ім прапануюць пісаць заявы пра пераход у "крымскае войска".
Тым часам Генпракуратура Украіны папярэдзіла ўкраінскіх вайскоўцаў, што здача зброі і пакіданне месцаў дыслакацыі будзе расцэньвацца як здрада радзіме "з адпаведнымі прававымі наступствамі".
Фота — censor.net.ua, AFP