Расшыфраваныя сакрэтныя старонкі дзённіка Ганны Франк: сэкс і анекдоты
Расшыфраваныя дзве сакрэтныя старонкі дзённіка Ганны Франк, якія былі таямніцай 75 гадоў. Яўрэйская дзяўчынка вяла яго на працягу двух гадоў з 12 чэрвеня 1942-га, калі ёй споўнілася 13-ць. Сям'я Франк хавалася ад нацыстаў у сховішчы, абсталяваным у задняй частцы дома на набярэжнай Амстэрдама. Іх арыштавалі 4 жніўня 1944 года і адправілі ў канцлагер. З усёй сям'і выжыў толькі бацька, які ў 1947 годзе апублікаваў дзённік сваёй дачкі, у якім яна апісвала паўсядзённае жыццё і марыла пра будучыню. Кніга стала бестселерам, яе пераклалі на 60 моваў.
Сакрэтныя старонкі дзяўчынка заклеіла шчыльнай карычневай паперай. Прачытаць іх і не пашкодзіць дзённік было немагчыма. Толькі ў 2016 годзе навукоўцы вырашылі выкарыстаць сучасныя тэхналогіі, каб разгледзець схаваны тэкст. Як піша meduza.io, высветлілася, што Ганна Франк разважала пра сэкс, а таксама пераказвала жарты, якія пачула ад дарослых.
"Я выкарыстоўваю гэтую сапсаваную старонку, каб запісаць "непрыстойныя" жарты", — напісала дзяўчынка ў дзённіку. На двух старонках яна запісала чатыры жарты і 33 радкі пра сэксуальную адукацыю (яна ўяўляла суразмоўцу, які распавядаў ёй пра сэкс) і прастытуцыю. Яшчэ пяць фразаў былі закрэсленыя. Згаданыя запісы рабіліся ў канцы верасня 1942-га. Больш падрабязна пра іх гл. тут.