Рэальна, але складана. Аміна Ідзігава — пра тое, як гуманітарыю уладкавацца ў IT
Аміна Ідзігава, фота Еўрарадыё
Айцішнікі застаюцца самымі высокааплатнымі спецыялістамі ў Беларусі. Паводле звестак Белстата, яны зарабляюць у сярэднім каля $2000 у месяц. Пра тое, з якіх пазіцый можна стартаваць у сферы IT, чаму аднаго ўмення пісаць код для гэтага недастаткова, чаму на змену IQ і EQ прыходзіць AQ, у рамках прэс-тура ў Адукацыйны цэнтр ПВТ ад Беларускай асацыяцыі журналістаў распавядае HR-спецыяліст Аміна Ідзігава.
Пакрокавая інструкцыя. Часам вакансіі — не тое, чым падаюцца
У першую чаргу, трэба выбраць кірунак, высветліць, якія для гэтага патрэбныя навыкі, пазнаёміцца з экспертамі і зразумець, у чым складаецца іх рэальная праца. Часам вакансіі — гэта прыгожая фіранка, за якой можа быць шмат непрыемных рэчаў.
Пасля трэба знайсці навучальныя матэрыялы, курсы, блогі, кнігі і гэтак далей, каб атрымаць першыя веды. Я часта сутыкаюся з фразамі "у мяне не атрымалася" ці "я не знайшоў". Але я не ведаю ні адной рэчы, якую нельга знайсці ў інтэрнэце. Цяпер я вучу мову праграмавання Python, і ў мяне наогул няма пытання, што я чагосьці не знайшла. Калі нам даюць дамашняе заданне на курсах, я гэты код нават знаходжу ўжо гатовым, мне нават не трэба яго пісаць. Там ёсць наогул усё. Але людзі чамусьці не валодаюць гэтым. Гэта вельмі крыўдна, таму што магчымасці рэальна ёсць, кампаніі рэальна чакаюць.
Потым трэба завесці сабе профіль на сайтах для праграмістаў (stackoverflow.com і github.com). Пасля гэтага можна заняцца фрылансам, зрабіць нейкія праекты, і з гатовым матэрыялам стукацца ў IT-кампаніі як junior-спецыяліст. Калі вам адмаўляюць, пытайцеся, чаго не хапіла, вяртаецеся на гэтае кола і нарошчвайце свой патэнцыял.
Патрэбныя яшчэ 30 тысяч айцішнікаў. Дзе ўзяць кадры?
Сфера IT развіваецца вельмі хутка, людзі патрэбныя. Я па статыстыцы бачу, што сёння на аднаго распрацоўніка прыпадае 12 вакансій. Калі цяпер усе жадаючыя "увайсці ў IT" туды ўвойдуць, незалежна ад таго, гуманітарыі яны ці тэхнары, мы іх усіх прымем і ўладкуем на працу. Цяпер у сферы занята, па маіх падліках, 30 тысяч чалавек. Як мінімум яшчэ столькі ж, калі не больш, мы гатовыя проста цяпер працаўладкаваць. Пытанне ў тым, дзе гэтыя кадры браць.
У сярэднім, у IT-кампаніі пішуць код прыкладна 36% людзей. Астатнія людзі займаюцца зусім іншымі рэчамі, звязанымі з менеджментам, дызайнам, тэставаннем, падтрымкай, бізнес-аналізам, аналізам даных, напісаннем тэхнічнай дакументацыі, кіраваннем прадуктамі, праектамі, кліентамі і гэтак далей.
На пачатковых пазіцыях вялікіх заробкаў чакаць не даводзіцца. Звычайна junior'ам плацяць у раёне $500, гэта значыць крыху больш за 1000 рублёў, распавядаюць у Адукацыйным цэнтры ПВТ.
Амерыканская асацыяцыя працадаўцаў і ВНУ штогод апытвае працадаўцаў пра тое, якія патрабаванні яны ставяць кандыдатам, а потым канвертуе гэтыя патрабаванні ў навучальныя праграмы для ВНУ. Яны займаюцца гэтым на працягу 17-ці гадоў. Тэхнічныя навыкі там на 10-м месцы! А на першым — уменне вырашаць праблемы і здольнасць да камунікацыі. Таксама там ёсць лідарства, рабочая этыка, аналітычныя здольнасці, ініцыятыва, увага да дэталяў, гібкасць і ініцыятыўнасць.
Фокус у працадаўцаў мяняецца на карысць гуманітарыяў
Гадоў дваццаць таму было вельмі папулярна мець высокі IQ. Потым час памяняўся, усё зразумелі, што людзі з IQ, можа быць, і добрыя самі па сабе, але з імі абсалютна немагчыма кантактаваць. Таму топавую пазіцыю заняў эмацыйны інтэлект — EQ, і ўсе пачалі насіцца з тым, як вымяраць яго. Сёння яму на змену прыходзіць адаптыўны інтэлект — AQ. Умець адаптавацца, хутка перабудоўвацца, вучыцца, убудоўвацца ў сістэму з новымі патрабаваннямі — гэта цяпер адна з самых важных кампетэнцый.
Сёння я не магу падзяліць людзей на гуманітарыяў і тэхнароў, таму што мне патрэбныя людзі, якія валодаюць і тымі, і тымі навыкамі. Мы, як працадаўцы, шукаем людзей, якія а) размаўляюць па-англійску, б) ўмеюць камунікаваць, с) умеюць вырашаць праблемы. Калі ты проста ўмееш пісаць код, то гэта не дае табе перавагу над астатнімі кандыдатамі. Асабіста я з вялікім задавальненнем вазьму чалавека, які валодае "мяккімі" навыкамі, які вучыцца, адкрыты, у якога аналітычнае мысленне. І я навучу яго пісаць код. То бок, у працадаўцаў цяпер мяняецца фокус.
Тэхнічны чалавек думае мадэлямі. Гуманітарны чалавек думае вобразамі. У сучасным свеце, калі ўсё паскараецца і становіцца непрадказальным, часта выйграе той, у каго ёсць інтуіцыя і вобразнае мысленне, якое дае магчымасць хутка прымаць рашэнне. Таму што тэхнары доўга абдумваюць і мадэлююць, перш чым нешта вырашыць. Мяжа паміж тэхнаром і гуманітарыем сціраецца.
Больш за тое, сціраецца грань паміж IT і не IT, таму што цяпер усе кампаніі, нават далёкія ад IT-сферы, нарошчваюць IT-экспертызу. Калі ты не "digital", то цябе проста няма, з табой не працуюць ні пастаўшчыкі, ні пакупнікі, у цябе няма лічбавых каналаў камунікацыі з рынкам.
Асноўная тэндэнцыя, якая цяпер захоплівае рэальнасць, — у перспектыве трох-пяці гадоў большасць кампаній стане акурат IT. Айцішнікі, людзі з гібрыднымі навыкамі, будуць запатрабаваныя нават больш, чым цяпер. Калі я сутыкаюся з людзьмі, якія хочуць працаваць у IT, але ў іх два мільёны адмазак, чаму ім нешта ў гэтым плане нязручна, то ў мяне проста апускаюцца рукі.
Міф пра вышэйшую адукацыю
Часта пытаюцца, з якіх сфер у IT прыходзяць людзі, і ці цікавіць нас дыплом аб вышэйшай адукацыі. Сайт stackoverflow.com правёў апытанне ў 2018 годзе, і ў яго атрымалася цікавая статыстыка. 50% прафесійных распрацоўнікаў маюць няпрофільную адукацыю, 20% наогул не маюць вышэйшай адукацыі. У мяне няма статыстыкі, з якіх сфер людзі прыходзяць у IT, таму што я ў сваёй практыцы бачыла і ўрачоў, і работнікаў хуткай дапамогі. Міліцыянтаў, грузчыкаў, будаўнікоў, спартсменаў, людзей, якія шылі вопратку. Я б сказала, што перайсці ў IT можна з людзей сферы. І, напэўна, тыя веды, якім ты валодаў раней, спатрэбяцца табе ў IT. Цяпер вельмі шмат гібрыдных напрамкаў, калі медыцыну, біялогію, аграсектар перакрыжоўваюць з IT. Ёсць меркаванне, што хутка аграсектар цалкам сыдзе ў IT, таму што, навошта вырошчваць карову, калі можна проста вырабляць мяса?
Найбуйнейшыя лідары сусветнага IT-сектара, такія як Google і Apple, у гэтым годзе прынялі афіцыйнае рашэнне, што больш не будуць патрабаваць дыпломы ў сваіх саіскальнікаў. З іх узялі прыклад і іншыя буйныя кампаніі.
Не так даўно выбухнуў вялікі скандал, калі беларускі прадпрымальнік Віктар Пракапеня апублікаваў у Facebook кліч аб тым, што кампанія гатовая даць вакансіі для гуманітарыяў, як ён назваў патэнцыйных кандыдатаў, і ён напісаў сваю асабістую гісторыю пра тое, як гуманітарыі паспяхова ўваходзілі ў IT. Але для гэтага ім даводзілася вельмі шмат працаваць.
У першы год, калі яны яшчэ вучыліся, даводзілася працаваць літаральна па шаснаццаць гадзін на дзень кожны дзень. Пасля гэтага поста Віктара Пракапені разгарэлася спрэчка вакол тэрміна "гуманітарый", вялікая колькасць людзей пісала пра тое, як нашых б'юць, гуманітарыяў прыгнятаюць, з панскага пляча ім прапануюць увайсці ў IT, што ж гэта робіцца! Мне было вельмі смутна за гэтым назіраць, таму што людзі дэкларуюць, што хочуць увайсці ў IT, але нічога не хочуць для гэтага рабіць. А гэта рэальна, але гэта складана.