Рэканструкцыя Лошыцкага парку: адны пужаюць, другія супакойваюць

За апошнія 10 гадоў Лошыцкі парк з гарадской сметніцы пераўтварыўся ва ўлюбёнае месца адпачынку мінчукоў. Парк не быў абдзелены ўвагай сталічных журналістаў, якія збольшага ўхвалялі “акультурванне” гэтага апошняга “дзікага” месца ў цэнтры беларускай сталіцы. Усё перакулілася з ног на галаву 17 ліпеня, калі Галіна Баравая праз BulletinOnline.org паведаміла, што ў Лошыцкім парку ля Дома культуры камвольнага камбінату бульдозеры “ўжо валяць дрэвы і выразаюць урадлівы грунт”. Тое, што журналістка зразумела як пачатак знішчэння яблыневага саду, было толькі будоўляй працягу агароджы па паўночным перыметры Лошыцкага парку. Аднак навіна пра тое, што Мінгарвыканкам “даў дазвол на земляныя і будаўнічыя работы на тэрыторыі Лошыцкага парку”, усхвалявала грамадскасць. Антон Астаповіч, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, са спасылкай на крыніцу ва ўладных структурах паведаміў, што ландшафт парку зменіцца цалкам, а на месцы сядзібы Прушынскіх неўзабаве пабудуюць муляж.

Беларускія медыі не спяшаліся выказвацца наконт таго, што адбываецца ў Лошыцы. Журналісты чакалі 21 ліпеня – даты, на якую была запланаваная першая грамадская акцыя ў абарону парку. Ужо ўдзень 17 ліпеня ва ўласным блогу і ў мінскім ЖЖ-кам’юніці з ініцыятывай нарады ля паркавай брамы выступіла мастачка Ніка Сандрос.

Праз некалькі гадзінаў з ідэяй аналагічнай кампаніі да беларускай інтэрнэт-супольнасці звярнуўся Франак Вячорка, старшыня культурніцкай камісіі Партыі БНФ. У выніку, інфармагенцтва БелаПАН памылілася, назваўшы акцыю пратэстнай, прыпісаўшы ўдзел у ёй выключна моладзі БНФ і вуснамі ўсё таго ж Антона Астаповіча навесіўшы на яе цэтлік бясплённай:

“...такія акцыі даюць толькі чарговы піяр іх удзельнікам на некалькіх інтэрнэт-сайтах незалежных СМІ, а пасля пра іх забываюць, і праблема застаецца нявырашанай”.

Большасць незалежных медыяў, аднак, паставіліся да акцыі станоўча, надрукаваўшы справаздачы з вялікай колькасцю фотаздымкаў. Працытуем інфармагенцтва AFN:


“Удзельнікі акцыі прынялі зварот да кіраўніцтва Мінгарвыканкама, у якім выявілі занепакоенасць пачаткам рэканструкцыі парку. "Ні будаўнікі, ні адміністрацыя парку не могуць прадставіць план рэканструкцыі. Разам з тым, бясконца цыркулююць чуткі аб тым, што парк будзе пераўтвораны ў забаўляльную зону", — гаворыцца ў звароце”.

Акцыя, прызначаная завастрыць увагу грамадства на праблемах, звязаных з рэканструкцыяй Лошыцкага парку, нібыта сарвала з ланцуга дзяржаўныя медыі. На наступны дзень жыццесцвярджальным рэпартажам звярнулася да сваіх гледачоў АНТ:

“Спалучыць гістарычныя матэрыялы, архітэктуру і гісторыю людзей – такую мэту паставілі архітэктары. Пасля рэканструкцыі тут будзе ўсё як два стагоддзі таму, нават мэбля і скрыначкі століка ў прыбіральні гаспадароў. Як і сама прыбіральня. Яе знайшлі выпадкова і таксама адновяць, нават унітаз.”

Тэлепрапагандыстаў неўзабаве падтрымалі і іншыя СМІ. Журналісты інфармагенцтва БелТА паабяцалі, што:

“Акрамя самаго будынку, дзе некалі жылі паны Прушынскія і Любанскія, будуць адбудаваныя флігель і капліца. З аб'ектамі з мінуўшчыны ў парку будуць “ужывацца” сучасныя элементы, напрыклад дарожкі для ровараў, дзіцячыя пляцоўкі”.

Пра акцыю неабыякавых мінчукоў у Лошыцы з дзяржаўнай прэсы згадала толькі газета “Звязда”. На думку газеты, акцыя была выкліканая проста недахопам інфармацыі. І журналісты вырашылі кампенсаваць гэты недахоп, пераказаўшы погляд праектавальнікаў:

“Уся тэрыторыя Лошыцкага парку, разлiчаная на 3400 адначасовых наведвальнікаў, будзе падзеленая на тры зоны:
— старога парку, што сфармавалася ў канцы ХIХ — пачатку ХХ стагоддзя з сядзiбай, флiгелем, вартоўняй, лiпавай алеяй i г.д.;
— пладовага саду, прысвечаная дзейнасцi акадэмiка Вавiлава;
— адаптацыйная, якая будзе адпавядаць сучасным умовам жыцця.
Дрэвы па ўсёй тэрыторыi парку будуць выразаць толькi па неабходнасцi: мiнiмальна ў старым парку (толькi тыя, што ўжо аджылi свой век i засыхаюць), i больш актыўна ў частцы каля камвольнага камбiната, якая гiстарычнай каштоўнасцi не нясе”.

Дзяржаўныя медыі спяшаюцца супакоіць тых, хто ім верыць: сядзібна-паркавы комплекс чакае рэканструкцыя. І не трэба вам, шаноўныя, разбірацца ў праектнай дакументацыі: праз некалькі месяцаў вы проста пабачыце на месцы Лошыцкага парку “комплекс гасцінічных, адукацыйных і гандлёвых памяшканняў”.

Хіба вам можа гэта не спадабацца?


Фота — Антон Матолька

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі