Рэпетытары пра словы Лукашэнкі: Падручнікі трэба мяняць, але не за тры месяцы
“Мы наламалі столькі дроваў у падручніках матэматыкі і фізікі, што туды глядзець страшна. Каго мы рыхтуем? Мы адштурхоўваем людзей ад заняткаў. Ладна, у гісторыі можна навярстаць, а як у фізіцы ці матэматыцы? На фізмат сёння днём з агнём не знайсці хлопцаў. Такіх яйкагаловых, як Радзькоў, якія могуць займацца і па гэтых падручніках, не знайсці”, ― выказваецца Аляксандр Лукашэнка.
Глядзім тыя самыя падручнікі разам з рэпетытарамі Аляксеем Васілеўскім і Яўгенам Лівянтам.
Пра словы Лукашэнкі
Аляксей Васілеўскі: “Пасля гэтых заяваў я без працы дакладна не застануся. Ну, немагчыма так: упаў, адціснуўся, і да канца лета зрабілі праграму. Нічога добрага з гэтага не будзе".
Яўген Лівянт: “Ён казаў таксама пра школьныя праграмы. Дагэтуль ён не казаў пра матэматыку і фізіку. Толькі пра гуманітарныя прадметы. Вельмі важна, што на гэта звярнулі ўвагу. Але з іншага боку, у мяне расчараванне, бо прапанавалі ўсё выправіць да новага навучальнага года. Адукацыя ― гэта таксама тэхналагічны працэс, складаны працэс, які патрабуе высокай кваліфікацыі і часу. На ўсё гэта патрэбны час, грошы, людскія рэсурсы. Калі так хутка ўсё зрабіць, праграмы будуць горш, чым ёсць. Трэба абдумаць усё, аналізаваць тое, што ў нашых суседзяў. Чым нашы праграмы адрозніваюцца ад тых, якімі карыстаюцца ў Польшчы і Расіі. Я не размуею самабыстнасці ў фізіцы і ў матэматыцы. Мы мусім звярнуць увагу на іх праграмы”.
Пра змены падручнікаў і праграм
Яўген Лівянт: “Трэба спрашчаць праграмы. Мне наша сістэма адукацыі нагадвае савецкія прадпрыемствы. Калі закупалі новае абсталяванне, а яно стаяла на складах. Калі пакласці побач падручнікі 80-ых гадоў і сучасныя, будзе бачна, што нашы праграмы перагружаныя.
Усе краіны свету даўно сышлі ад прынцыпу “усе мусяць вучыць усё”. Не трэба закачваць у галаву такі вялікі аб’ём інфармацыі. Мала даць вучням матэрыял, ён мусіць з ім папрацаваць, гэтым трэба займацца. А бязмерны аб’ём інфармацыі па ўсіх прадметах, ён большы на шмат, чым было раней”.
Аляксей Васілеўскі: “Згодны, што праграмы перагружаныя. У школе займаюцца не адукацыяй, а чым заўгодна. Васьмікласнікам даюць інфармацыю, якую выпускнікі не могуць засвоіць. Я б шмат чаго прыбраў. Па фізіцы трэба даваць прыбліжаныя да жыцця рэчы: чаму нельга тыкаць пальцамі ў разетку, як працуе мабільнік. Каб гэта дапамагала людзям мець шырокі кругагляд. У дзяцей праблемы з геаметрыяй, у іх няма прасторавага мыслення”.
Пра праблемы адукацыі
Яўген Лівянт: “Ніводзін вучань 11 класа не можа распавесці ніводнага верша. Ад пачатку да канца ён не зможа расказаць. Не памятаюць ні падзей, ні дат. Ідзе перагруз інфармацыяй, вучні не ведаюць, што важна, а што другасна. Сістэма адукацыі мусіць фільтраваць, трэба навучыць вучыцца і аналізаваць інфармацыю. Бо крызіс сістэмы адукацыі ― гэта адна з галоўных нашых праблем. Пакуль мы не ўспрымаем, што наша школьная адукацыя ў вельмі цяжкім стане, ніякія іншыя праблемы не вырашаюцца. Вось, цудоўны прыклад Эстоніі, якая на першым месцы па школьнай адукацыі ў Еўропе”.