Адроджанае ЗБС будзе працаваць па-за палітыкай
Cёлета з’явілася ініцыятыўная група, гатовая адрадзіць студэнцкую арганізацыю "Задзіночанне беларускіх студэнтаў", што паўстала на пачатку 90-х.
У 2001 годзе ЗБС быў фактычна пазбаўлены рэгістрацыі за тое, што актыўна змагаўся за правы студэнтаў: супраць прымусовага размеркавання, малых стыпендый, старых падручнікаў ды недахопу інтэрнатаў. Задзіночанне таксама праводзіла мабілізацыйную кампанію “Выбірай!” перад прэзідэнцкімі выбарамі.
Тады ў падтрымку ЗБС выказалася больш за 30 еўрапейскіх студэнцкіх праваабарончых арганізацыяў, але суд не звярнуў на гэта ўвагі. Адноўлены ж ЗБС умешвацца ў палітыку не плануе, распавяла Еўрарадыё новая старшыня арганізацыі Наста Долюшка.
"Былы ЗБС шмат прыцягнуў да сябе непатрэбнай ўвагі тым, што людзі, якія там былі, займаліся палітыкай".
Паводле слоў Насты Долюшкі, арганізацыя будзе займацца выключна адукацыйнымі і культурнымі праектамі, хаця ў планах ёсць таксама і праваабарончая дзейнасць. Напрыклад, калі студэнтаў будуць выключаць з ВНУ па палітычных матывах, Задзіночанне абяцае бараніць іх правы.
Цікава тое, што адноўлены ЗБС не будзе займацца не толькі палітыкай, але і студэнцкім самакіраваннем. Чаму? Здавалася б, гэта вельмі важна для студэнтаў, зрэшты, гэта таксама адна з неабходных умоваў для далучэння Беларусі да Балонскага працэсу.
Па словах Насты Долюшкі, самакіраваннем будзе займацца іншая, адмыслова створаная арганізацыя.
"Зараз з’яўляецца Асацыяцыя студэнцкага самакіравання, і гэтую галіну — самакіраванне — мы пакінем ім, каб нашая дзейнасць не перакрыжоўвалася, бо яны будуць выключна гэтым займацца. Мы будзем займацца адным, а яны іншым. Бо няма сэнсу займацца адным і тым жа з рознымі назвамі".
Дарэчы, адноўленае Задзіночанне беларускіх студэнтаў будзе адрознівацца ад папярэдняга нават назвай. Паводле закону, новае задзіночанне не можа выкарыстоўваць назву зліквідаванай раней арганізацыі. Як яно будзе называцца, cтваральнікі пакуль трымаюць у сакрэце.
Рубрыка "Ты можаш" праграмы "Кардыяграма"
Фота: http://www.edulandia.pl