Би-2 правялі ў Мінску SPIRITычны сеанс

Ужо без малога год гурт Би-2 возіць свой апошні альбом "Spirit" па гарадах і правінцыях. Нарэшце настаў час Мінска — яшчэ задоўга да пачатку канцэрта ўзбуджаная публіка ў паўнюткім Палацы спорту ўскідвала рукі ў гару, крычала нешта пра "го-ра-ча" і "рок-н-рол", а хлопцы "падсаджвалі" дзяўчат на плечы. Дарэчы, на дзяўчат, здаецца, і быў галоўны разлік. Распачаўшы праграму песнямі "Девушки", "Дурочка" і "Муза", якія літаральна ішлі нон-стопам без аніякіх паўз, Лёва сціпленька павітаўся "Прывітанне, землякі" і за ўвесь канцэрт не прамовіў больш ні слова. Але "эстафету" перахапіў Шура.

 

"Добры вечар, родныя! Прывітанне, Мінск! Ведаеце, ужо стала добрай традыцыяй раз на год, у сярэдзіне лістапада, прыязджаць да вас ў госці і да сябе дамоў", — нарэшце "разбаўляе" песенны марафон Шура і крыху какетліва запрашае заспяваць разам — зала і без таго самааддана спявае кожны радок. А тут яшчэ і "Серебро" саспела!

Ад такога "набору" хітоў разгарачаная публіка на танцпляцы завялася яшчэ больш. Толькі гледачы на трыбунах “традыцыйна” стрымана слухалі і недзе там на апошніх шэрагах зрэдку падхопліваліся патанчыць.

 

 

"Здаецца, я на ўласныя вочы бачу міфы Старадаўняй Грэцыі", — зачаравана шэпча дзяўчына побач са мной. — "Бажэственны" Лёва! Апалон! Такая энергетыка!" 


Вось вам і сапраўдны SPIRITычны сеанс ад Би-2! Некаму пабачыўся Апалон, а некаму так хацелася разгледзець, да прыкладу, дух Брэжнева — каб ужо сапраўды "па-панку"! Дарэчы, Еўрарадыё падалося, што ў адным са слайдаў на відэашэрагу вобраз савецкага "правадыра" усё ж мільгануў. У пошуках "спірытычнага" настрою мы накіравалася ў логава самых адданых прыхільнікаў — натоўп фанзоны. І нечакана адкрылі для сябе дзіўную з’яву — на песнях Би-2 ужо паспела вырасці новае пакаленне!

 

 

"Мы вельмі даўно слухаем Би-2, з маленства! — кажуць дзяўчаты, якім на выгляд гадоў 18. — Гэта ў нас ад тат і мам, яшчэ яны слухалі Би-2! Канцэрт файны, такое ўражанне, што мы нарадзіліся занава! Яны лечаць ад усіх хваробаў! Мы прышлі сюды стомленыя, а зараз добра сябе адчуваем — то бок, нечая энергетыка ўсё ж тут прысутнічала".

Не абышлося не канцэрце і без "вялікіх і сапраўдных" — каго б вы думалі? Аднакласнікаў Шуры! Самі яны аказаліся не шчодрымі на словы, а вось іх дзеці і пляменнікі з радасцю распавялі, як гэта, усім сямействам выхоўвацца на песнях Би-2.

"Мы з маленства ведаем іх творчасць, таму нам хацелася, каб было больш старых песень, бо яны самыя кранальныя і мы на іх выраслі! Яны бяруць за душу! І калі ўжо ў самым канцы яны спелі "Полковника", то проста парвалі ўсіх! А з песень новага альбома мы яшчэ не паспелі вывучыць словы".

Усёй сям’ёй бабруйскія прыхільнікі рыхтуюцца да канцэрту на радзіме Шуры, у Бабруйску. А тым часам музыкі Би-2 выходзяць "на біс" з песняй "для ўсіх блізкіх, мінскіх і бабруйскіх сяброў" "Мой друг" ды шчодра спяваюць яшчэ добрых паўгадзіны.

 

На развітанне музыкі просяць гледачоў узняць рукі ўгару, уключаюць ў зале святло ды робяць фота на памяць. Да таго ж прапаноўваюць усім жадаючым паўдзельнічаць у розыгрышы "Вечнага квітка" на канцэрты гурта на партале planeta.ru. На гэтым жа сайце, абяцаюць музыкі, можна даведацца шмат цікавага пра праект "Нечётный воин-3", у якім лідары Би-2 з’яўляюцца саўнд-прадзюсарамі. А потым увогуле абяцаюць неўзабаве выступіць у Мінску з аркестрам!

"Вельмі чакаем Би-2 з аркестрам у Мінску! Былі на гэтым канцэрце ў Піцеры — дык аж дух займала! — кажуць хлопцы, якія ўжо 5 гадоў прыязджаюць з Віцебска, каб паслухаць улюбёную каманду. Хлопцы дэманструюць сэт-ліст канцэрта. — Вось, бачыш!? Самыя апантаныя фанаты — гэта тыя, што выносяць сэт-ліст пасля канцэрта! У мяне такіх велізарная калекцыя! Як і палачак бубнача!"

 


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі